Строга кажучы, аб усім гэтым даўно ўжо сказана.

І пра тое, што масавыя вулічныя акцыі сябе вычарпалі. І пра тое, што пляцоўка ля Акадэміі навук зусім ня тое месца, дзе трэба выказваць грамадзка-палітычны пратэст. І аб тым, што з году ў год арганізатары сьвяткаваньня Дня Волі прапаноўваюць адзін і той жа нязьменна-клясычна-неарыгінальны сцэнар.

Усё гэта даўно ўжо было сказана, але не было зразуметае, не было усьвядомленае.

Напярэдадні 25 сакавіка мы вырашылі запытацца ў самых сябе, што мы (як патэнцыйныя ўдзельнікі) ведаем пра сцэнар сёлетняга Дня Волі? Чым ён адрозьніваецца ад леташняга? Стоп. Пачакайце крычаць пра тое, што і тады, і зараз — тое ж самае! Па-першае, сцэнару сёлетняга Дня Волі няма (самыя дасьціпныя могуць слушна заўважыць, што і летась яго не было — усё вырашалася, па-сутнасьці, экспромтам). Таму параўнаць сёлетняе адзначэньне 25 сакавіка з папярэднімі дакладна справядліва атрымаецца ўласна толькі пасьля гэтага адзначэньня.

Безумоўна, магчыма, здарыцца цуд — і мы ім пакажам, рэжым спалохаецца нашага адзінства і моцы, а замест Бангалёру мы, нарэшце, вернем наш Пляц Каліноўскага. Хто ведае, як яно будзе — калі нават арганізатары сёлетняга Дня Волі ўжо абвесьцілі, што будуць арыентавацца на колькасьць і настрой людзей, ад чаго будзе залежаць і маршрут шэсьця, і праграма мерапрыемства. Яно ж вядома, калі да месца збору ля Акадэміі навук падцягнуцца хаця бы тысяч сто чалавек — тады колькасьць варыянтаў разьвіцьця падзеяў, безумоўна, значна павялічваецца. Прынамсі тэарэтычна.

Бянтэжыць толькі тое, што нават даведацца пра час і месца збору гэтай сотні тысяч няма адкуль. Абвесткі на двох-трох сайтах, зразумела ж, малавата, а нейкай іншай відавочнай інфармацыі ў публічных месцах неяк ня бачна. І гэта пры тым, што мы гэтую інфармацыю — увага! — шукалі. Ці будуць шукаць інфармацыю пра Дзень Волі сто тысяч чалавек? Наўрад ці.

Магчыма, таму арганізатары сёлетняга Дня Волі больш сьціплыя ў сваіх чаканьнях — дзве тысячы чалавек плюс-мінус «можа хто яшчэ падыйдзе». Прыкладна столькі неабыякавых грамадзян ужо каторы год зьбіраюць найбольш масавыя акцыі апазыцыі. Асаблівай рэклямы чарговага Дня Волі для гэтай загартаванай гвардыі не патрабуецца: ёй дастаткова тых абвестак у Інтэрнэце. Адмысловая праграма мерапрыемства таксама лішняя: збор дэманстрантаў ля Акадэміі навук, прамовы, нібы адкапіяваныя з пазамінулагодняй аналягічнай акцыі, няўпэўненае шэсьце адной калёнай на Бангалёр альбо некалькімі з абавязковым жорсткім разгонам малаколькаснай групы моладзі, што кіравалася некуды ў цэнтар, зьбіцьцё, арышты й суды, інтэрвію для нешматлікіх зацікаўленых СМІ і камэнтары на форумах — сцэнар даўно пракатаны й наладжаны. Навошта тады выдумляць нейкае пятае кола?

Калі ж адказваць простымі словамі, можна ўкласьціся ў адзін сказ. Апазыцыя больш ня ладзiць Дзень Волi.

Менавіта таму моўныя фігуры, якія напярэдадні Дня Волі напаўняюць стужкі навін, і выглядаюць як прывітаньне зь мінулага: «Гаразскія ўлады традыцыйна прапанавалі нам правесьці мітынг на плошчы Бангалор», «Як даць працяг сьвяткаваньню, вырашым на месцы», «На плошчу Бангалор мы людзей не павядзем». «Дзеяньні арганізатараў будуць залежаць ад колькасьці людзей».

Паўторымся, арганізатары вулічнага сьвяткаваньня Дня Волі агучылі, што разьлічваюць на трыдыцыйныя дзьве тысячы ўдзельнікаў. Але патас такі, нібыта мы чакаем дзьве тысячы грэкаў, якія на мінулым тыдні ператварылі цэнтар Атэнаў у зону баявых дзеяньняў. Службоўцы дзяржсэктару, якіх пазбавілі прэміяльных і сьвяточных выплат, падпальвалі сьмецьцевыя бакі і аўтамабільныя шыны, а прыбылых на месца паліцыянтаў неадкладна закідалі бутэлькамі і камянямі.

Вядома, Грэцыя не Беларусь. Там загніваючы капіталізм, тут стабільнасьць і клопат пра простых працаўнікоў. Але ёсьць жа і араганізатары акцыяў, прафзьвязы, якія выводзяць людзей на вуліцы не затым, каб параіцца зь імі пад адкрытым небам. А каб пратэставаць супраць палітыкі афіцыйных уладаў.

Што будзе ўяўляць зь сябе чарговы Дзень Волі ля Акадэміі навук? Падобна на тое, што заблыталіся ўсе і будзе як будзе. Колькі словаў пра гісторыю, колькі пра актуальную палітыку і надыходзячую прэзыдэнцкую кампанію, колькі сацыяльных лёзунгаў. Некалькі інтэрвію замежным СМІ. Зрэшты, працяг заўжды можна прыдумаць на месцы.

У чым праблема вулічнага Дня Волі? У тым, што з кожным разам нам спрабуюць упарыць розныя, часам дыямэтральна супрацьлеглыя падыходы да адзначэньня адной і той жа гістарычнай падзеі. Адсюль не зразумела, альбо мы адзначаем угодкі Беларускай народнай рэспублікі, альбо выказваем уласнае стаўленьне да афіцыйнай улады і палім партрэты першага прэзыдэнта, альбо рухаемся кудысьці мэтанакіравана і прарываем кардоны, альбо ствараем мэдыйны малюнак, альбо ўсё разам і штосьці абавязкова яшчэ.

Так ці інакш, складваецца шчырае ўражаньне, што ў сёньняшняй Беларусі толькі адзін чалавек успрымае гэты дзень як актуальную палітычную дату і адмыслова да яе рыхтуецца.

Абмеркаваць