«Выбары ня толькі Закон, але і палітыка.
Ад палітыкі ўсё залежыць.»
З выступу старшні ЦВК Л. Ярмошынай
На БТ 10.07.2008 г

Пасля выбараў у Палату прадстаўнікоў прайшло даволі часу і, каб не выказваньні ўладаў, то іх як бы і не было. Бо апазіцыя па апрацаванаму сцэнару ніякага аналізу сваёй працы не праводзіць. Не дай Бог кагосьці пакрытыкуюць. Лепш традыцыйна аб’явіць аб сваёй адабранай «перамозе» і канцы ў воду да наступнай «бітвы» за Беларусь. Таму размова не аб апазіцыі, бо гэта «карова сьвятая». І можна было б пагадзіцца з правіламі гульні, але не сьціхае ўлада. І вось каторы раз на БТ 29 сьнежня з вуст Лукашэнкі прагучала, што галоўнае для нас тое, што выбары прайшлі ў адпаведнасьці з нашымі Законамі, з чым пагадзіліся назіральнікі як з СНГ, так і з АБСЕ. Баюн хоча ўбаюкаць. Ці сапраўды так? Актуальным гэта пытаньне яшчэ з’яўляецца таму, што распачата праца па зьмяненьню Выбарчага Кодэксу, на чым настойваюць як апазіцыя так і Эўразвяз. Але ня трэба забываць, што ёсьць права і ёсьць правапрымяненьне. І пры існуючым Законе можна правесьці дэмакратычныя выбары пры ўмове строгага і поўнага яго выкананьня ўсімі ўдзельнікамі. А на справе?

Ужо дзесяткі, а можа сотні, разоў на розных семінарах і ў розных інструкцыях разгледжана, дзе і як улады могуць фальсіфікаваць выбары. Але няма інструкцыі як не дапусьціць паўсюднае парушэньне Выбарчага Кодэксу. Таму пры распрацоўцы зьменаў, нават калі б такое стала мажлівым, трэба быць максімальна прадбачлівым і акуратным. Нават, калі ў Закон аб выбарах будзе запісана (ці ўжо запісана?) патрабаваньне аб абавязковым увядзеньні ў склад камісій прадстаўнікоў ад партый, то тут жа з’явяцца патрэбныя партыі кшталту Белая Русь, ЛДПР ці Аграрная…

Разледзім на некалькіх прыкладах, каб ня быць галаслоўнымі, як на канкрэтным Луненскіскім выбарчым участку № 58 Мастоўскай выбарчай акругі № 56 выконвалася выбарчае заканадаўства. Некалькіх, бо каб апісаць усё, трэба зашмат месца. Адразу адзначу, што, калі для нас — грамадзянаў Беларусі, механізм фальсіфікацый і парушэньняў існуючага Выбарчага Кодэксу ясны і празрысты, то замежныя назіральнікі (СНГ ня лічыцца, тыя ўсё разумеюць) абсалютна «не ўрубаюцца». Гэта па-за граніцамі іх сьведамасьці, як у анякдоце пра расіян, якія заднім ходам ехалі па аўтабану.

Згодна з арт. 67 Выбарчага Кодэкса выбарчымі камісіямі павінна быць праверана «не менее 20% подписей». Вось, не парушаючы заканадаўства, ў апазіцыйнага кандыдата правяраюць 100% подпісаў, каб «накапаць» патрэбныя 15% несапраўдных, а ў прызначанага кадыдата не правяраюць зусім і канстатуюць 100%-ую правільнасьць, што практычна нерэальна. Гэта і зразумела, бо практычна для праўладнага кандыдата подпісы збіраюць прадстаўнікі адміністрацыі (што забаронена Законам), якія «памыляцца ня могуць». На праверку подпісаў назіральнікаў не дапускаюць, азнаёміцца з «недостоверными» подпісамі не даюць. Таму абскардзіць такую “ праверку» практычна немагчыма. Трэба каб у Законе было прапісана абавязковасьць прысутнасьці на праверцы подпісаў падстаўнікоў ініцыятыўных груп кандыдатаў і выдача копій лістоў з несапраўднымі подпісамі і выніковых пратаколаў.

Немагчыма растлумачыць эўрапейцам факты прымусовага датэрміновага галасаваньня. Свабодны чалавек ня можа зразумець чалавека, які жыве ў краіне з прыгонным правам! Начальнік на прадпрыемстве адкрытым тэкстам загадвае сваім падначаленым абавязкова прагаласаваць датэрмінова, пагражаючы ў выпадку невыкананьня загаду, звальненьнем з працы. Спробы абскардзіць ці абнародаваць такія факты аўтаматычна вядуць да звальненьня з працы і ніякі суд не дапаможа аднавіць справядлівасьць.

У справе датэрміновага галасаваньня парушэньні Выбарчага Кодэкса ўведзена ў ранг дзяржаўнай палітыкі.

Назіральнікам Луненскага выбарчага ўчастка № 58 у ЦВК была накіравана заява наступнага зместу:

«У адпаведнасьці з арт. 53ч.1 Выбарчага Кодэксу Рэспублікі Беларусь „Выбаршчык, удзельнік рэферэндуму, НЕ МАЮЧЫ МАГЧЫМАСЬЦІ ў дзень выбараў, рэферэндуму ЗНАХОДЗІЦЦА ПА МЕСЦУ СВАЙГО ЖЫХАРСТВА, мае права…“ і г. д. па тэксту.
Мною было выяўлена, што на працягу ўсяго тэрміну датэрміновага галасаваньня з 23.09 па 27.09 2008 г. па „беларускаму“ радыё і тэлебачаньню вялася агітацыя за датырміновае галасаваньне і СКАЖАЎСЯ Выбарчы Кодэкс Рэспублікі Беларусь. Дыктарскі тэкст гучаў так: „Калі хто ня мае магчымасьці прагаласаваць 28 верасня, то МАЕ ПРАВА ПРАГАЛАСАВАЦЬ ДАТЭРМІНОВА”- што не адпавядае арт.53 ч.1 Выбарчага Кодэкса Рэспублікі Беларусь. Чым уводзіліся ў зман выбаршчыкі. Нават увялі ў зман сакратара ЦВК Лазавіка, які прагаласаваў датэрмінова. Калі спадар Лазавік ня ведае Выбарчага Кодэксу, то ён ня можа быць у складзе ЦВК. Калі ж ён ведае і, парушаючы заканадаўства, зводзіць у зман выбаршчыкаў, то таксама ня можа быць у складзе ЦВК.

У сувязі з вышэй выкладзеным прапаную:
1.Выключыць спадара Лазавіка са складу ЦВК у сувязі з неадпаеднасьцю.
2.Бюлетэні датэрміновага галасаваньня лічыць несапрўднымі, так як датэрміновае галасаваньне было праведзена з грубымі парушэньнямі Выбарчага Кодэксу (арт.53 ч.1)».

У парушэньне заканадаўства на гэту заяву адказу не было.

Вось як развіваліся падзеі на Луненскім выбарчым участку па выкананьню Закону па захаваньні скрыні з бюлетэнямі датэрміновага галасаваньня.

Старшыня участковай камісіі В. Чэрнік у прысутнасьці назіральнікаў адляпіў паперку, прычэпленую на дзірку на скрынцы для датэрміновага галасаваньня для ўкідваньня бюлетэняў, ніколькі яе (паперку) не пашкодзіўшы. Так, што яе паўторна можна было прыляпіць на тое ж месца. Скрынку клаў на захаваньне у сэйф бухгалтара сельскага савета і апячатваў пласьцялінам і сваёй пячаткай. У любы час ён мог вярнўцца да гэтага схрону адзін і замяніць ці дабавіць бюлетэні, зноў прывёўшы «схрон» у першапачатковы стан.

Назіральнікам быў складзены Пратакол і Акт аб парушэньні арт. 53 ч. 4 і дасланы 24 .09. старшыні выбарчага ўчастка № 58, пракурору Мастоўскга раёна, у акруговую выбарчую камісію № 56. У выніку з пракуратуры адказ не прыйшоў, з акруговай камісіі адказ прыйшоў пасьля выбараў з такім тэкстам: «факт остаётся без рассмотрения… в связи с тем, что он поступил в окружную избирательную комиссию после проведения выборов…, а именно 30 сентября 2008 года».(60 км ліст ішоў 6 дзён?) Ад старшыні участковай камісіі адказ прыйшоў на другі дзень, 25.09, у якім казалася, што чорнае гэта белае: «…хранение производится в строгом соответствии с требованиями ст. 53 Избирательного кодекса и Методических рекомендаций…».Можа сабака закапана ў гэтых «Методических рекомендациях»?

У выніку такой перапіскі і заўваг, якія назіральнік пісаў у сшытак для заўваг, ужо ў вуснай грубай форме старшыня выбарчага ўчастка В. Чэрнік заявіў назіральніку, што ніякай інфармацыі аб выбарах даваць яму ня будзе, а, калі ён будзе працягваць пісаць заўвагі, то не дапусьціць яго (назіральніка) да назіраньня. На гэту пагрозу назіральнік склаў таксама заяву і 26.09 адаслаў яе па тым самым адрасам і яшчэ ў ЦВК. Па тэлефоне былі праінфармаваны назіральнікі з АБСЕ, якія праз 2 гадзіны прыехалі на ўчастак.

З акруговай камісіі адказ прыйшоў пасьля выбараў слова ў слова як першы, адказ з ЦВК цытуецца ў дадатку. Другіх адказаў не было.

Адзначым такую «дробязь»: усе заявы пісаліся на беларускай мове, усе адказы, што прыйшлі, на расейскай мове.

Узнікае пытаньне, чаму такім важным для ўладаў з’яўляецца датэрміновае галасаваньне, што яны аткрыта ў дзяржаўным маштабе ідуць на парушэньне існуючага Закона? Дзякуючы датэрміноваму галасаваньню ўлада вырашае два ключавых пытаньні.Па-першае: забяспечваецца факт, што выбары адбыліся (датэрмінована Луненскім участку прагаласавала 22% выбаршчыкаў або 28% ад ліку прыняўшых удзел у галасаваньні),па-другое: ствараецца магчымасьць лёгкай бескантрольнай фальсіфікацыіпры такой неабходнасьці.

Для вырашэньня гэтых самых задач служыць галасаваньне па месцы жыхарства. Таму і тут улады ідуць на прамое і адкрытае парушэньне Выбарчага Кодэкса. Як звычай, ніякіх заяў ад выбаршчыкаў аб галасаваньні па месцы жыхарства, за рэдкім выключэньнем, не паступае. Пачакаўшы да гадзін 12 у дзень галасаваньня, сакратаром камісіі робіцца выбарка са спісаў выбаршчыкаў, хто яшчэ не прагаласаваў. Даюцца бюлетэні членам камісіі і тыя адлаўліваюць людзей, у лепшым выпадку, дзе змогуць: на вуліцы, на працы, у гасьцях і г. д. Пра ніякія пашпарты, якія павінны прад’яўляцца пры атрыманьні бюлетэня, тут ужо размова не ідзе. У горшым выпадку, члены камісіі нікога не ловяць, а самі ўкідваюць бюлетэні ў скрынку. Часьцей за ўсё спалучаюцца гэтыя абодва «метады».

Па афіцыйным дадзеным на Луненскім участку па месцы жыхарства прагаласавала тых жа 28% — 217 выбаршчыкаў. Фактычна — больш за 300.

Нават згодна з афіцыйнымі дадзенымі, пры атсутнасьці датэрміновага галасаваньня і галасаваньня па месцы жыхарства, выбары на Луненскім выбарчым участку № 58 не адбыліся б.

Пра парушэньні Закона пры фармаваньні выбарчых камісій нават сорамна пісаць. Можа ўспомнім толькі пра адну акалічнасьць. У складзе выбачай камісіі на Луненскім участку былі: дырэктар школы-старшыня і два настаўнікі з гэтай школы, Сакратар сельсавета-сакратар і тры работніка сельсавета, тры работніка калгаса…

Праводзімыя ў часы кіраваньня Лукашэнкі «выбары» не адпавядаюць ня толькі крытэрыям Эўразвязу, але цалкам не адпавядаюць існуючаму на Беларусі Выбарчыму Кодэксу. Таму, перш чым мяняць Выбарчы Кодэкс, трэба выпрацаваць механізмы яго строгага выкананьня. Без гэтых механізмаў ніякія змены выбарчага права плёну не дадуць.

PS. Адказ ЦВК на скаргу назіральніка:
«Ваше обращение рассмотрено 3 октября т. г. на заседании Центральной комиссии.
Сообщаем, что права наблюдателя определены в части четвёртой статьи 13 Избирательного кодекса Республики Беларусь. Данной нормой не предусмотрено право наблюдателя получать сведения о числе избирателей, проголосовавших досрочно. Эта информация не является секретной и Центральная комиссия рекомендовала участковым избирательным комиссиям предоставлять подобные сведения наблюдателям. К сожалению, Ваше обращение свидетельствует о том, что не все члены комиссий последовали этому совету. Однако правовых оснований для принятия мер реагирования по данному факту не имеется.
В заключение отметим, что Ваша оценка действий председателя участковой избирательной комиссии участка для голосования № 58 Мостовского избирательного округа № 56 является необоснованной, поскольку в подтверждение допущенных им нарушений Вы не приводите никаких доказательств.

Председатель комиссии Л. М. Ермошина

Обмяркаваць