Deus ex machina

*Deus ex machina (бел.: Бог з машыны) – выраз, які азначае нечаканую, штучную развязку сітуацыі з прыцягненнем нейкага фактару, які не дзейнічаў раней.

Напярэдадні новага электаральнага цыклу, які распачынаецца ў 2010 г. мясцовымі выбарамі, ужо некалькі палітычных сілаў выступілі з заявамі аб сваім актыўным удзеле ў выбарчым працэсе. Паспяшаліся заявіць аб сваім удзеле і функцыянеры з “Белай Русі”, якой не атрымалася ператварыцца ў палітычную партыю напярэдадні парламенскіх выбараў 2008 г. Паводле незалежных аналітыкаў “Белая Русь” вызначаецца як палітызаваная прапрэзідэнская GoNGO, якая мае ўсе перспектывы перарасці ў палітычную партыю. Самыя ж функцыянеры “Белай Русі” таксама паўсюдна падкрэсліваюць усебаковую падтрымку як прэзідэнскага курсу, так і асобы прэзідэнта, і не выключаюць магчымасці ператварэння гэтай структуры ў палітычную партыю. Акрамя таго, у афіцыйных дакументах і выступах афіцыйных асобаў арганізацыі масава ўжываюцца штампы, якія беларуская прапаганда звязвае з прэзідэнтам. Аднак нягледзячы на шматлікія дэманстрацыі поўнай лаяльнасці прэзідэнту “народны рух з нізу” так і не атрымаў жадаемай падтрымкі А. Лукашэнкі і часам нават выклікаў негатыўныя нараканні прэзідэнта ў свой бок. З іншага боку, з часу свайго стварэння ў 2004 г. гэты “рух” ужо здолеў завабіць у свае шэрагі палову дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу,  дэпутатаў мясцовых саветаў усіх узроўняў (асабліва на Гарадзеншчыне) і вялікую колькасць чынавенства. Пры гэтым, у Беларусі ёсць толькі адзін цэнтр прыняцця рашэнняў – прэзідэнт, астатнія суб’екты палітычнага жыцця з’яўляюцца выканаўцамі гэтых рашэнняў. У выпадку ператварэння ГРА “Белая Русь” у палітычную партыю, мэтазгоднасць чаго з’яўляецца пры змене беларускай выбарчай сістэмы і сістэмы прыняцця рашэнняў, з’явіцца альтэрнатыўны цэнтр улады. Ці патрэбна гэта прэзідэнту з яго “вертыкаллю улады”, якая ўжо болей за дзесятак гадоў эфектыўна забяспечвае стабільнасць беларускай палітычнай сістэмы?

А. Лукашэнка не хлусіць, калі сцвярджае, што ён асабіста не ўдзельнічае ў стварэнні палітычнай структуры пад сябе, ці пад сваіх сыноў.[2] Па ўсіх прыкметах гэта сапраўды непрэзідэнская ініцыятыва. Паўстае пытанне, хто ж ініцыятар (-ы) гэтага “народнага руху з нізу”? Каму патрэбная гэтая палітызаваная арганізацыя і што стрымлівае ператварэнне “руху” у сапраўдную палітычную партыю, як аб тым ужо даўно марыць кіраўніцтва Белай Русі?

Мэтаю гэтага артыкулу з’яўляецца вызначэнне ролі руху “Белая Русь” у сучасным палітычным працэсе Беларусі, магчымых напрамкаў трансфармацыі БР на аснове сістэмнага падыходу, структурнага аналізу, гістарычна-параўнальнага метаду, статыстыка-аналітычнага метаду. Інфармацыйную аснову даследавання складаюць Інтэрнет рэсурсы сродкаў масавай інфармацыі, інфармацыйных агенцый,  ГРА “Белая Русь”, НІСПЭД, ЦВК РБ.

Дзеяздольнасць прэзідэнскай улады

Прэзідэнская ўлада ў Беларусі знаходзіцца на вяршыні сваёй магутнасці: падпарадкаваны іншыя галіны ўлады, апазіцыя выцеснена па-за межы палітычнага працэсу і ніякім чынам на яго не ўплывае, рэпрэсіўны апарат дзейнічае бездакорна, геапалітычная сітуацыя складваецца на карысць беларускага рэжыму. Лукан Ўэй трапна заўважае, што стабільнасьць аўтарытарных сыстэм постсавецкіх краінаў залежыць ад двух фактараў[19]:

1.  трываласцю сувязяў элітаў аўтарытарнай краіны з Захадам;

2.  дзеяздольнасцю аўтарытарнага кіраўніцтва, што ўключае : існаваньне адзінай, інстытуалізаванай партыі ўлады; развітым, добра фінансаваным і вопытным рэпрэсіўным апаратам; значны дзяржаўны кантроль над эканомікай.

Што тычыцца першага фактару, у апошні час Еўрасаюз размарозіў стасункі з беларускім кіраўніцтвам і спрабуе праз разнастайныя праграмы ўцягнуць беларускія эліты ў супрацоўніцтва. Пры гэтым, у ЕС адсутнічае яснае разуменне беларуская сістэмы кіравання, у якой кіруючыя эліты ўсіх узроўняў не маюць аўтаномнасці і з’яўляюцца “несамастойным звяном у дзяржаўнай іерархіі”, на вяршыні чаго знаходзіцца прэзідэнт[5]. Усе рашэнні прымаюцца ў прэзідэнскай адміністрацыі, таму ніякага паўнавартаснага супрацоўніцтва і адпаведна трывалых сувязяў з беларускай бюракратыяй немагчыма наладзіць без змянення ўсёй сістэмы прыняцця рашэнняў, што ўключае дэцэнтралізацыю дзяржаўнага кіравання і эканамічную лібералізацыю (раздзяржаўленне). Акрамя таго, дадатковыя магчымасці для кансервацыі беларускага рэжыма стварае геапалітычнае супрацьстаянне паміж ЕС і РФ, дзякуючы чаму кіраўніцтва РБ мае магчымасць лавіявання паміж двумя геапалітычнымі цэнтрамі, што прыносіць свае дывідэнты ў выглядзе крэдытаў, доступу на рынкі, ільготным пастаўкам нафты і газа і інш.

Другім асноўным фактарам стабільнасці з’яўляецца дзеяздольнасць аўтарытарнага кіраўніцтва, што ўключае ў сябе:

- значны дзяржаўны кантроль над эканомікай, які рэалізуецца праз разнастайныя наўпроставыя і ўскосныя механізмы: дзяржаўная ўласнасць над буйнымі і сярэднімі прадпрыемствамі, падпарадкаванне прафсаюзаў, кантрактная сістэма найму на працу і інш.;

- развіты, добра фінансаваны і вопытны рэпрэсіўны апарат, куды можна ўключыць не толькі традыцыйныя сілавыя структуры, а і сродкі масавай прапаганды, якія інфармацыйна знішчаюць канкурэнтаў існуючаму рэжыму;

- існаванне адзінай, інстытуалізаванай партыі ўлады. Фармальная адсутнасьць інстытуалізаванай партыі ўлады ў Беларусі кампенсуецца значнай палітызацыяй дзяржаўнай адміністрацыі – “прэзідэнскай вертыкалі”, якая сярод іншых выконвае функцыі, што належаць пераважна палітычным партыям: ідэалагічную, палітычнай арыентацыі і інтэграцыі грамадства, палітычнай сацыялізацыі, легітымацыі ўлады і інш. Беларуская наменклатура актыўна удзельнічае ў палітычным працэсе, у тым ліку праз вылучэнне і падтрымку кандыдатаў з свайго асяроддзя.

Створаная палітычная адміністрацыя – “вертыкаль”, уключна з ідэалагічным апаратам, які ахапіў не толькі органы дзяржаўнага кіравання, але ж і дзяржаўныя прадпрыемствы, ўстановы – неаднаразова засведчыла сваю эфектыўнасць, што праяўляецца ў выніках выбараў і знішчэнні палітычнай канкурэнцыі на ўсіх узроўнях, удасканаленні працэсу ідэалагічнай фільтрацыі:

1. Прэзідэнскія выбары (колькасць галасоў за А. Лукашэнку паводле афіцыйных звестак ЦВК):

  • 1994 г. – 44,82% (у першым туры)[10],
  • 2001 г. – 75.65%,
  • 2006 г. – 83,0% [14,17].

 

2. Парламенскія выбары, па выніках выбараў:

  • 1995 г. – у парламенце быў сфармаваны шэраг фракцыяў, сярод якіх Партыі камуністаў Беларускай, “Грамадзянскае дзеянне”, сацыял-дэмакратаў[8];
  • 2000 г. – нягледзячы на адсутнасць прадстаўніцтва тытульнай партыйнай апазіцыі, якая байкатавала парламенскія выбары, у Палаце Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу існавала фракцыя “Рэспубліка”, якая пазыцыянавала сябе як апазіцыйная;
  • 2004 г. – альтэрнатыўнае меркаванне ў ПП НС прадстаўлялі Вольга Абрамава і Сяргей Гайдукевіч;
  • 2008 г. – поўная адсутнасць альтэрнатыўнага прадстаўніцтва ў ПП НС.

 

3. Мясцовыя выбары [9]:

  • 1999 г. – у саветы патрапіла прыкладна 250 дэпутатаў ад апазіцыйнай Партыі камуністаў Беларускай, большасць палітычных партый паводле рашэння Кангрэсу дэмакратычных сіл байкатавала мясцовыя выбары. Агульная колькасць абраных дэпутатаў мясцовых саветаў усіх узроўняў склала 24058 чалавек;
  • 2003 г. – абрана 102 дэпутата, якія з’яўляліся сябрамі апазіцыйных партыяў (ПКБ, АГП, ПБНФ, БП “Надзея”, БСДП (НГ), БПП). Да іх таксама можна дадаць некалькі дзесяткаў беспартыйных дэпутатаў, якія былі блізкія да апазіцыі (каля 80 асобаў). Агульная колькасць дэпутатаў мясцовых саветаў усіх узроўняў склала 23469 чалавек.
  • 2007 г. – абрана 16 дэпутатаў, якія з’яўляюцца сябрамі  апазіцыйных партый ці блізкія да гэтых партыяў. Агульная колькасць дэпутатаў мясцовых саветаў усіх узроўняў склала 22639 чалавек.

 

Відавочна, што з пункту гледжання захавання стабільнасці палітычнай сістэмы прэзідэнту не патрэбны нейкі дадатковы інстытут у выглядзе прапрэзідэнскай палітычнай партыі. Аўтарытарная ўлада ў Беларусі апіраецца на іншыя механізмы кантролю палітычнага працэсу, сярод якіх функцыі “партыі ўлады” выконвае “прэзідэнская вертыкаль”, палітызаваная, ідэалагічна ангажаваная дзяржаўная адміністрацыя.  Аднак нягледзячы на гэта працэс разгортвання Белай Русі хаця і нелінейны, але ж дастаткова паслядоўны.

Гісторыя станаўлення “народнага руху з нізу”

На 1 лістапада 2009 г. колькасць сябраў РГА “Белая Русь” склала каля 87 тыс. асобаў, што ў дзесятак разоў перавышае агульную колькасць сябраў апазіцыйных партыяў. Пры гэтым, структуры Белай Русі ахапілі ўсе адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі Беларусі: першасных арганізацый налічваецца 5158, раённых – 151, 6 абласных і Мінская гарадская.[21] Найбольшая колькасць сябраў Белай Русі ў Мінску – 21 тыс. чалавек, потым ідуць Магілёўская і Мінская вобласці – па 16 тыс., Гарадзенская вобласць – 14 тыс., Віцебская абласная арганізацыя - болей за 8 тыс. сябаў.[7] У астатніх рэгіёнах – Гомельскай і Берасцейскай абласцях агулам належаць болей за 12 тыс. чалавек.  У Нацыянальным Сходзе 4-га склікання “народны рух з нізу” прадстаўляюць каля паловы колькаснага складу Палаты Прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, таксама ў мясцовых саветах дэпутатаў Белая Русь прадстаўлена амаль паловай дэпутатаў.

У сваім станаўленні ў якасці палітычнай сілы рух “Белая Русь” ужо прайшоў дзве стадыі:

1. Падрыхтоўчы перыяд, які пачынаецца ў 2004 г. на Гарадзеншчыне. Гарадзенскае абласное грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” было створана 28 чэрвеня 2004 г.  напарэдадні сумнавядомага рэферэндуму 2004 г. з ініцыятывы чынавенства з сферы адукацыі. У першай устаноўчай канферэнцыi «Белай Русi» ўдзельнiчалi каля 500 чалавек. У той час мэтазгоднасць стварэння БР можа быць патлумачана неабходнасцю дадатковай падтрымкі прэзідэнта падчас рэферэндуму, па выніках якога А. Лукашэнка атрымаў магчымасць балатавацца на пасаду прэзідэнта бясконцую колькасць разоў.

Падчас мясцовых выбараў 2007 г. больш за дзевяць тысяч прадстаўнiкоў Белай Русі працавалi ў складзе выбарчых камiсiй, iнiцыятыўных i агiтацыйных груп на Гарадзеншчыне. Па выніках выбараў 765 сябраў БР сталi дэпутатамi ўсiх узроўняў мясцовых Саветаў на Гарадзеншчыне. Такім чынам, у абласным, гарадскiм, раённых, пасялковых i сельскiх Саветах Гродзеншчыны каля паловы, а ў некаторых раёнах больш за пяцьдзесят працэнтаў дэпутатаў з’яўляюцца сябрамі Белай Русі.[13]

Да траўня 2007 г., калі В. Песціс, старшыня Гарадзенскага абласнога аб’яднання “Белая Русь”, даў старт наступнаму этапу стварэння агульнанацыянальнага “народнага руху з нізу”, сябрамі Гарадзенскай абласной арганізацыі “Белая Русь” з’яўляліся 12 тыс. чалавек, якiя былі аб’яднаны ў амаль 800 пярвiчных арганiзацый ва ўсiх раёнах Гарадзеншчыны. Рух “Белая Русь” меў у сваім складзе сем членаў Савета Рэспублiкi, пяць дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу.

2. Выхад на нацыянальны ўзровень у якасці грамадскага аб’яднання.  25 кастрычніка 2008 г. адбыўся І з’езд Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь», які сабраў 380 дэлегатаў ад 82 тыс. сябраў усіх абласцей і г. Мінска. З’езд адбыўся пасля парламенскіх выбараў, хаця функцыянеры БР былі настроены рашуча і першапачаткова планавалі зарэгістраваць шырокі агульнанацыянальны рух / палітычную партыю да парламенцкіх выбараў - 17 траўня 2008 г. Яшчэ 17 лістапада 2007 г. адбыўся першы ўстаноўчы з’езд БР, на якім было створана Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”. Пыл функцыянераў-палітыкаў з “Белай Русі” астудзіў сам прэзідэнт А. Лукашэнка, калі падчас штогадовага паслання зрабіў некалькі крытычных заўвагаў на адрас руху: “Катэгарычна не прымаю ўсялякія прапрэзыдэнцкія структуры…. Я буду ставіцца да “Белай Русі” як да любой іншай арганізацыі".[18]

Тым не менш, у парламенцкай кампаніі 2008 г. бралі ўдзел звыш 10 тыс. членаў арганізацыі, сярод якіх давераныя асобы кандыдатаў у дэпутаты, сябры ўчастковых выбарчых камісій, каля 4 тыс. назіральнікаў.[15]  РГА “Белая Русь” вылучыла ў акруговыя камісіі 94 чалавека, у участковыя – 1817 прэтэндэнтаў. [6] Як адзначаюць праваабаронцы з цэнтру «Вясна», у 2008 г. “Белая Русь” займела магчымасьці кантраляваць выбарчы працэс на нацыянальным узроўні.[20] Гэтая асаблівасць парламенскай кампаніі 2008 не засталася незаўважанай новаабраным складам беларускага парламенту і больш як траціна з ліку сябраў Савета Рэспублікі і амаль кожны другі дэпутат Палаты прадстаўнікоў далучыўся да руху "Белая Русь".[1]

Неабходна падкрэсліць, што ў адрозненне ад БРСМ, які атрымлівае значныя датацыі з бюджету (каля Br 15 млрд. на 2010 г.)[11], РГА “Белая Русь” фінасава самадастатковая арганізацыя і валодае значным грашовым рэсурсам: у 2009 г. рух атрымаў Br2 млрд. у якасці сяброўскіх складак.[3]

Такім чынам, з траўня 2007 г. па кастрычнік 2008 г. колькасць сябраў руху “Белая Русь” вырасла з 12 тыс., якія былі лакалізаваны на тэрыторыі Гарадзеншчыны, да 82 тыс. чалавек па ўсёй краіне. За 16 месяцаў колькасны склад арганізацыі павялічыўся ў сем разоў: у сярэднім БР прымала ў сваі шэрагі болей за чатыры тысячы чалавек у месяц. Аданак з лістапада 2008 г. да лістапада 2009 г. колькасць сябраў “Белай Русі” павялічылася толькі на 5 тыс. чалавек. Тэмпы “прыросту” былі ў дзесяць разоў меншыя за папярэдні перыяд: у сярэднім каля 400 чалавек у месяц. Варта зазначыць, што пасля рэгістрацыі ў якасці рэспубліканскага аб’яднання ў кастрычніку 2008 г. Белая Русь не скарыстала напоўніцу са свайго патэнцыялу: згодна з апытаннем НІСЭПД, якое было праведзена ў снежні 2008 г., 4,6% апытаных не былі супраць уступлення ў аб’яднанне.[12] Атрымліваецца, што болей за 300 тыс. грамадзян Беларусі на той час былі добраахвотнымі патэнцыйнымі сябрамі “прапрэзідэнскага” руху. Акрамя таго, 56.1% апытаных на той час яшчэ не ведалі аб існаванні гэтай арганізацыі.

Пасля аб’яўлення прыкладных датаў мясцовых і прэзідэнскіх выбараў функцыянеры руху “Белая Русь” актывізаваліся і акрэслілі шэраг напрамкаў дзейнасці на бліжэйшы час, сярод асноўных [3]:

- актыўны ўдзел у мясцовых выбарах шляхам вылучэння кандыдатаў, сябраў выбарчых камісіяў, назіральнікаў;
- пашырэння папулярнасці БР шляхам:
- сацыяльнай рэкламы;
- іміджавых акцый;
- дабрачынных акцый;
- удасканаленне кадравай палітыкі;
- інтэнсіфікацыя працы з моладзю;
- мабілізацыя грамадства на ўдзел у маштабных эканамічных праектах і кампаніях, ініцыяваных уладамі;
- умацаванне сувязяў з лаяльнымі беларускаму рэжыму НДА і палітычнымі партыямі;
- экспертны аналіз нарматыўна-заканадаўчай базы;
- арганізацыя дзейнасці грамадскіх прыёмных;
- праца з беларускай дыяспарай за мяжой.

Да традыцыйных напрамкаў дзейнасці БР, якія былі скіраваны на падтрымку палітыкі ўладаў і ўдзел у выбарчых кампаніях, дадаліся новыя функцыі, якія традыцыйна выконвалі незалежныя структуры грамадзянскай супольнасці: аналіз  заканадаўства, кантроль за бюракратыяй і агрэгацыя інтарэсаў грамадства праз грамадскія прыёмныя. Зварот да узмацнення кадравай палітыкі сведчыць аб імкненні якаснай трансфармацыі БР пасля экстэнсіўнага колькаснага росту і тэрытарыяльнага ахопу.

Паўстае пытанне, калі будзе распачаты трэці этап трансфармацыі грамадскага руху ў палітычную партыю? Гэта магчыма ў выпадку, калі функцыянерам перададуць частку палітычных паўнамоцтваў, якія зараз выконвае “вертыкаль”. Сярод асноўных функцыяў, на якія прэтэндуе “Белая Русь”, з’ўляецца фармаванне спісу праўладных прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат у беларускі парламент і, магчыма, рэкрутацыя ў дзяржаўныя органы ніжняга звяна. Пры гэтым, пераразмеркаваць паўнамоцтвы паміж “вертыкаллю” і “Белай Руссю” можа толькі адзін чалавек – А. Лукашэнка. Ці здолеюць функцыянеры-палітыкі “Белай Русі” пераканаць  прэзідэнта, у якога шмат фобіяў, у мэтазгоднасці прапрэзідэнскай палітычнай партыі?

Сярод гэтых фобіяў найбольшай падаецца асоба Аляксандра Казуліна, былога рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, які прыняў удзел у прэзідэнскіх выбарах 2006 г. у якасці кандыдата. У выпадку, калі б напярэдадні прэзідэнскай кампаніі 2006 г. структуры руху “Белая Русь” выйшлі б на агульнанацыянальны маштаб, вылучэнец з сферы адукацыі з добрымі сувязямі і арганізацыйнымі магчымасцямі “народнага руху з нізу” меў бы зусім іншыя шанцы і не вядома, хто б набраў 2,2%: выбарчыя камісіі ў беларусі фармуюцца ў значнай колькасці з прадстаўнікоў сістэмы адукацыі, як і значная колькасць назіральнікаў.

Варта таксама падкрэсліць знакавае супадзенне іншага кшталту: два ідэалагічна супрацьлеглыя палітызаваныя грамадскія рухі - “Белая Русь” (2004 г.) і “Рух “За свабоду” (2006 г.) – былі запачаткаваны гарадзенцамі з навуковых колаў: В. Песцісам, рэктарам Гарадзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэту (з 1995 г.) і А. Мілінкевічам, былым дацэнтам фізічнага факультэта Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта ім. Янкі Купалы (1994-2000 гг.).

Асабовы склад Белай Русі

У стварэнні арганізацыйных структураў руху “Белая Русь” вызначальнае месца мелі супрацоўнікі навучальных установаў, прадстаўнікі аддзелаў адукацыі райвыканкамаў,  і гэта зразумела, калі звярнуць увагу на кіраўніцтва арганізацыі з самага пачатку яе з’яўлення.

У 2004 г. Гродзенскую абласную грамадскую арганізацыю “Белая Русь” узначаліў рэктар Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэту Вітольд Песціс, які з 2008 г. з’яўляецца намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. В. Песціс быў сябрам Савета Рэспублікі 2-га і 3-га скліканняў, удзельнічаў у працы 1-га, 2-га і 3-га Усебеларускага народнага сходу, з’яўляецца членам-карэспандэнтам НАН РБ. Згодна з паведамленнем Вестак НАН Беларусі шматгадовая плённая прафесійная дзейнасць, актыўная грамадзянская пазіцыя Вітольда Песціса атрымалі шырокую вядомасць і высокую ацэнку міжнароднай грамадскасці: ён з’яўляецца ганаровым прафесарам Міжнароднага Венскага ўніверсітэту з 2008 г., а таксама атрымаў вышэйшую ўзнагароду ад Вармінска-Мазурскага ўніверсітэта “Залаты Лаўр” за навуковыя дасягненні і міжнароднае супрацоўніцтва.[4] У 2004 г. прадстаўнікі апазіцыі пагражалі В. Песцісу ў шэрагу з іншымі асобамі, якія меліся прадстаўляць інтарэсы Гарадзеншчыны ў Савеце Рэспублікі, зрабіць “невыязным” у выніку абрання з парушэннямі заканадаўства.[16] А ў 2008 г. адзін з асноўных заснавальнікаў і кіраўнік Гарадзенскага руху “Белая Русь” атрымаў узнагароды ад еўрапейскіх універсітэтаў за сярод іншага наладжванне міжнароднага супрацоўніцтва і актыўную грамадзянскую пазіцыю. Варта зазначыць, што 2008 г. лічыцца годам пачатку пацяплення адносінаў паміж кіраўніцтвам Беларусі і Еўрасаюза.

У 2008 г. старшынёй рэспубліканскай арганізацыі “Белая Русь” быў абраны міністр адукацыі РБ Аляксандр Радзькоў. Акрамя таго, сярод 18 сябраў Прэзідыўма Рэспубліканскага Савету РГА “Белая Русь” 6 прадстаўляюць вышэйшае чынавенства з сферы адукацыі: рэктар Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта iнфарматыкi i радыёэлектронiкi Мiхаiл Батура, рэктар Магiлёўскага дзяржаўнага унiверсiтэта харчавання Вячаслаў Шаршуноў, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага унiверсiтэта Вiтольд Песцiс, рэктар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнiчнага унiверсiтэта Пётр Пойта, рэктар Беларускага гандлёва-эканамiчнага унiверсiтэта спажывецкай кааперацыi Ала Навумчык, рэктар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэту Уладзімір Шымаў. Тое ж назіраецца і сярод кіраўнікоў абласных і мінскай гарадской арганізацый, дзе тыя ж рэктары, якія з’яўляюцца сябрамі Прэзідыўма Рэспубліканскага Савету, займаюць кіруючыя пасады на абласным узроўні: 5 з 7 рэгіянальных кіраўнікоў з’яўляюцца рэктарамі ВНУ.

Высновы

Прэзідэнт не аказвае падтрымкі ў стварэнні “прапрэзідэнскай” палітычнай арганізацыі, але ж і не супрацьдзейнічае гэтаму працэсу. Магчыма, адной з прычын з’яўляецца фінансавая самадастатковасць арганізацыі: акрамя бюджетных сродкаў, якія скіроўваюцца на ідэалагічную агітацыю і прапаганду праз дзяржаўныя сродкі масавай прапаганды, БРСМ і інш., А. Лукашэнка атрымлівае ініцыяваны “з нізу” збор дадатковых пазабюджетных сродкаў на ўмацаванне каштоўнасцяў “моцнай і квітнеючай Беларусі”.

Існуюць розныя варыянты развіцця далейшых падзеяў. Асаблівае значэнне агульнанацыянальны рух “Белая Русь” можа займець у выпадку працягу развіцця адносінаў з Еўрасаюзам і ЗША, калі апошнія будуць паслядоўнымі ў патрабаванні дэмакратызацыі палітычнага працэсу з беларускага боку, а на ўсходнім кірунку не будзе спынены працэс скарачэння фінансавых дадацый беларускай эканомікі. У такім разе змена выбарчай сістэмы на прапарцыйную і дэлегаванне часткі ўладных паўнамоцтваў могуць быць прададзены заходнім партнёрам як значная саступка па дэмакратызацыі краіны. Безумоўна, пры ўмове прадстаўлення гарантый бяспекі для сённяшняга прэзідэнта. Гэтая мадэль павялічвае ролю “Белай Русі”, якая можа быць гарантам прадухілення крымінальнага пераследу сённяшняга прэзідэнта падчас паступовай трансфармацыі рэжыму і адыходу А. Лукашэнка ад улады.

Афармленне грамадскага аб’яднання “Белая Русь” у якасці палітычнай партыі будзе азначаць курс на абмежаваную лібералізацыю палітычнага працэсу. У аснове гэтага курсу ляжыць абарона інтарэсаў сфармаваных падчас праўлення А.Лукашэнка элітных групаў з наменклатуры, якія будуць імкнуцца захаваць свой уплыў і не дапусціць да ўлады/або мінімізаваць уплыў сваіх апанентаў з асяроддзя сённяшняй (або новай) апазіцыі. Не мае таксама істотнага значэння пад каго ствараецца “прапрэзідэнская” палітычная партыя – пад В. Лукашэнка ці іншую асобу: у выпадку паспяховай рэалізацыі праекту, які ўключае трансфармацыю выбарчай сістэмы і змену палітычнай сістэмы з дэлегаваннем часткі паўнамоцтваў прадстаўнічай галіне ўлады, будзе створана “выбарчая машына”, якую змогуць скарастаць тыя асобы, якія ўзначаляць гэтую структуру.

Не выключаны варыянт, калі ў бліжэйшай перспектыве беларускае кіраўніцтва паспрабуе падмяніць незалежныя структуры грамадзянскай супольнасці, якія ўплываюць на фармаванне парадку дня Ўсходняга Партнёрства, сваімі субстытутамі. “Белая Русь” ужо акрэсліла шэраг напрамкаў дзейнасці, якія традыцыйна выконвалі незалежныя структуры грамадзянскай супольнасці. Аднак гэты кірунак развіцця магчымы толькі ў выпадку вялікага жадання лідэраў Еўрасаюза быць “падманутымі”: кіраўнічы склад Белай Русі, праграмныя дакументы і заявы лідэраў яскрава сведчаць пра рэальнае месца гэтай арганізацыі ў палітычнай сістэме Беларусі.

Тое, што для Аляксандра Лукашэнка час спыніўся (ці ён імкнецца яго замкнуць на сабе), не значыць, што ў асяроддзі прэзідэнта не існуе людзей, якія разумеюць, што чалавек не вечны, і думаюць аб сваёй будучыні пасля адыходу ад улады дзеючага прэзідэнта. І няма істотнай розніцы, калі адбудзецца гэтая падзея – у 2011, 2016 ці 2021 г.г., адной з галоўных задач выглядае стварэнне адпаведных палітычных структур, на якія можна было б абаперціся пасля змены аўтарытарнага кіраўніка. Адсутнасць у асяроддзі А. Лукашэнка іншых харызматычных асобаў, які б здолелі перахапіць і захаваць створаную першым прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь ўладнай сістэмы дыктуюць выпрацоўку альтэрнатыўных варыянтаў захавання ўлады ў руках сённяшняй наменклатуры.
------------------

Спіс выкарыстанай літаратуры і крыніцаў

1. Аляксандр Радзькоў: "Белая Русь" атрымала першы пазітыўны вопыт удзелу ў палітычнай кампаніі  : уэб-сайт: [Электронны рэсурс] / БелаПАН: Беларуская інфармацыйная кампанія. – Рэжым доступу: http://by.belaruselections.info/archive/2008/chronicle/0044914/. Дата звароту: 15.12.2009.

2. Аляксандр Лукашэнка ў час паездкі ў Хойніцкі раён адказаў на пытанні прадстаўнікоў беларускіх і расійскіх СМІ: партал [Электронны рэсурс] // Прэзідэнт РБ: Афіцыйны Інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.– Рэжым доступу: http://www.president.gov.by/by/press57044.print.html. Дата звароту: 17.12.2009.

3. "Белая Русь" накануне выборов: партал [Электронны рэсурс] // БЕЛТА: Інтэрнет-сайт Беларускага тэлеграфнага агентства.– Рэжым доступу: http://www.belta.by/ru/actual/comments?id=459858. Дата звароту: 17.12.2009.

4. Витольд Казимирович Пестис (К 60-летию со дня рождения) // Весці НАН Беларусі. Сер. аграрных навук. 2009, №1. 123-124 с.

5. Водолажская Т. Управление и самоуправление в Беларуси / В. Мацкевич, Т. Водолажская//  Міжнародны кансорцыюм «ЕЎРАБЕЛАРУСЬ»: Інфармацыйная платформа развіцця беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва і партнёрства.– Рэжым доступу:  http://eurobelarus.info/content/view/1721/53/. Дата звароту: 17.12.2009.

6. Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 4-га склікання (28 верасня 2008 года): вынікі маніторынгу / РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт»; пад аг. рэд. А. Гулака. –М., 2009. – 80 с.

7. Выязное пасяджэнне “Белай Русі” : уэб-сайт: [Электронны рэсурс] / Патрыёт: электронная версія масова-палітычнай газеты Ушацкага раёна . – Рэжым доступу: http://www.patriot.websmi.info/?page_id=2. Дата звароту: 17.12.2009.

8. Кампания прошла под знаком конфронтации ветвей власти : уэб-сайт: [Электронны рэсурс] / БелаПАН: Беларуская інфармацыйная кампанія. – Рэжым доступу: http://belaruselections.info/archive/electvs1995/. Дата звароту: 15.12.2009.

9. Кухлей З. Апазіцыя і выбары 2010: час вяртацца ў палітыку : уэб-сайт: [Электронны рэсурс] / Наша меркаванне: сайт беларускай экспертнай супольнасці «Наша меркаванне».- Рэжым доступу: http://nmnby.eu/pub/0911/19m.html. Дата звароту: 17.12.2009.

10. На относительно свободных выборах директор совхоза победил премьер-министра : уэб-сайт: [Электронны рэсурс] / БелаПАН: Беларуская інфармацыйная кампанія. – Рэжым доступу: http://belaruselections.info/archive/president1994/. Дата звароту: 15.12.2009.

11. На што пойдуць грошы зь бюджэту-2010 : уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Радыё  Свабода: афіцыйны сайт беларускай службы Радыё Свабода. – Рэжым доступу: http://www.svaboda.org/content/article/1899327.html. Дата звароту: 17.12.2009.

12. НИСЭПИ: данные опросов за декабрь 2008 г. : уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнет-сайт Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. – Рэжым доступу: http://www.iiseps.org/poll12-08.zip. Дата звароту: 17.12.2009.

13. Пракопчык Б. Вітольд ПЕСЦІС, старшыня Гродзенскага абласнога грамадскага аб’яднання “Белая Русь”: уэб-сайт: [Электронны рэсурс] / Звязда:  электронная версія газеты «Звязда». – Рэжым доступу: http://zvyazda.minsk.by/second.html?r=1&p=2&archiv=25052007. Дата звароту: 17.12.2009.

14. Результаты выборов Президента Республики Беларусь 9 сентября 2001 г. : уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Афiцыйны iнтэрнет-сайт Цэнтральнай камісіі РБ па выбарам і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў. – Рэжым доступу: http://rec.gov.by/elect/prb2001/prb2001res.html. Дата звароту: 15.12.2009.

15. РОО "Белая Русь" : уэб-сайт [Электронны рэсурс] / БДУ культуры і мастацтваў: афіцыйны сайт Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў . – Рэжым доступу: http://www.buk.by/WhiteRus/. Дата звароту: 17.12.2009.

16. Саўчанка патрапiць у «чорны спiс»? : уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Хартыя'97: прэс-цэнтр Хартыi'97. – Рэжым доступу: http://charter97.org/bel/news/2004/11/08/spis. Дата звароту: 17.12.2009.

17. Сведения об итогах выборов Президента Республики Беларусь: уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Афiцыйны iнтэрнет-сайт Цэнтральнай камісіі РБ па выбарам і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў. – Рэжым доступу: http://rec.gov.by/elect/prrb2006/itog.html. Дата звароту: 15.12.2009.

18. Чаму Лукашэнка крытыкуе “Белую Русь”? : уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Радыё  Свабода: афіцыйны сайт беларускай службы Радыё Свабода. – Рэжым доступу: http://www.svaboda.org/content/article/1108632.html. Дата звароту: 17.12.2009.

19. Way Lucan. The Real Causes of the Color Revolutions. Journal of Democracy - Volume 19, Number 3, July 2008, pp. 55-69. E-ISSN: 1086-3214 Print ISSN: 1045-5736
http://www.belayarus.by

20. 90% сяброў выбарчай камісіі - з арганізацыі "Белая Русь" : уэб-сайт [Электронны рэсурс] / Інтэрнет сайт Праваабарончага цэнтру «Вясна». – Рэжым доступу: http://spring96.org/be/news/22939/. Дата звароту: 17.12.2009.

21. http://www.belayarus.by

Обсудить публикацию

 

Метки