I. Сьціслы агляд дачыненьняў Эўрапейскі Зьвяз/Беларусь (Background).

З усіх дзяржаваў Цэнтральнай і Усходняй Эўропы Беларусь найменш акцэнтавала эўрапейскі вэктар у сваёй вонкавай палітыцы. Гэта можна, з аднаго боку, вытлумачыць унутрыпалітычнымі чыньнікамі: утрыманьне рэальнае ўлады ў краіне прасавецкай элітай, у якой доўгі час адстутнічала жаданьне і здольнасьць мысьленьня ў катэгорыях незалежнае дзяржавы, а значыць самастойнага вызначэньня беларускага нацыянальнага інтарэсу, і якая ўспрымала і шмат у чым працягвае ўспрымаць міжнародныя дачыненьні сваёй краіны праз прызму расейскіх інтарэсаў.

З другога боку, ў краінах Заходняй Эўропы была, і, на жаль, шмат у чым застаецца шырока распаўсюджанай думка аб выпадковым і нядоўгатэрміновым характары беларускае незалежнасьці, што спрычынілася да адмовы пасьлядоўна прызнаваць Беларусь як паўнапраўнага суб’екта міжнароднай палітыкі і разглядаць новапаўсталыя эўрапейскія краіны былога СССР, за выняткам краінаў Балтыі, як магчымых кандыдатаў на ўступленьне. Дачыненьні з гэтымі краінамі часта ўспрымаліся толькі ў больш шырокім кантэксьце дачыненьняў з Расеяй.

Менавіта таму разьвіццё кантактаў з эўрапейскімі краінамі было даволі павольным. Дыпляматычныя дачыненьні паміж Беларусьсю і Эўрапейскімі Супольнасьцямі былі завязаныя ў жніўні 1992 г. Але Дамова аб партнэрстве і супрацоўніцтве паміж РБ і ЭЗ была падпісаная ў Брусэлі толькі 6 сакавіка 1995 г. [1] ДПС утрымлівала палажэньні аб гандлёва-эканамічнай супрацы, стварала форум для палітычнага дыялёгу, а таксама абумоўлівала іхную рэалізацыю правядзеньнем рынкавых рэформаў і павагай да прынцыпаў дэмакратыі і правоў чалавека.

Відавочным ёсьць факт таго, што асноўнай перашкодай у дачыненьнях РБ і ЭЗ сталі беларускія ўнутрыпалітычныя падзеі. Антызаходняя рыторыка беларускіх уладаў, грэбаваньне элементарнымі дэмакратычнымі нормамі, падмена палітыкі адказных дэмакратычных пераўтварэньняў у палітычнай і гаспадарчай сфэрах курсам на рэінтэграваньне з Расеяй [2] — усё гэта стварыла штучныя бар’еры для разьвіцьця ўзаемавыгодных дачыненьняў Беларусі з Эўропай, часткова спраўджваючы першапачатковы эўрапейскі скептыцызм што да беларускае дзяржаўнасьці.

Рэферэндум 1996 г. ёсьць зыходнай кропкай адмежаваньня беларускага рэжыму ад агульнаэўрапейскіх працэсаў, што справакавала адпаведную рэакцыю ЭЗ. 12 сьнежня Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю, якая прыпыняла ратыфікацыю ДПС (як і дзеяньне Часовага пагадненьня аб гандлі да ўвядзеньня ў дзеяньне ДПС). 15 верасьня 1997 г. Рада міністраў ЭЗ прыняла Заключэньне аб дачыненьнях ЭЗ з Беларусяй. Дакумэнт быў даволі жорсткі, бо не прызнавалася легітымнасьць зьменаў у Канстытуцыі, двухбаковыя стасункі на роўні міністраў прыпыняліся, была замарожанай большая частка праграмаў па лініі TACIS, за выняткам гуманітарнай дапамогі, рэгіянальных праграмаў і праграмаў спрыяньня дэмакратызацыі. У выніку, параўнальна з Украінай і Расеяй тэхнічная дапамога ЭЗ для Беларусі застаецца на некалькі парадкаў ніжэй, нават прапарцыйна колькасьці насельніцтва.

Усе спробы беларускіх уладаў наладзіць дачыненьні з Эўропай былі малапасьпяховымі, паколькі беларускім уладам бракавала і па-ранейшаму бракуе здольнасьці гуляць па агульнапрынятых дэмакратычных правілах. Са свайго боку, краіны ЭЗ у 1999 г. прадэкляравалі зьмену сваёй палітыкі да беларускага рэжыму і сфармулявалі пакрокавую стратэгію: паступовае зьняцьцё санкцыяў у адказ на прагрэс у справе правядзеньня дэмакрытычных і рынкавых рэформаў. [3] Аднак гэтыя спробы-заляцаньні выклікаць беларускія ўлады на пазытыўныя дзеяньні праз палітыку перніка застаюцца і па сёньняшні дзень марнымі, бо шырокія і плённыя кантакты беларускага грамадзтва з дэмакратычнай Эўропай не прамінуць спрычыніцца да ўсё большага ўсьведамленьня з боку беларусаў неабходнасьці ўнутрыпалітычных зьменаў, якія відавочна паставяць пад пагрозу сёньняшнія ўладныя канфігурацыі ў краіне.

Такім чынам, афіцыйныя стасункі Беларусі з ЭЗ замарожаныя. Апошнія рашэньні ворганаў ЭЗ стасоўна Беларусі былі наступнымі:

Лістапад 2002 — Эўрапейская Рада прыняла дэклярацыю ў рамках Агульнае зьнешняе палітыкі і палітыкі бясьпекі (АЗПБ) аб свабодзе слова ў Беларусі.

Люты 2003 — Эўрапейскі парлямэнт аднагалосна прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў Аляксандра Лукашэнку спыніць палітыку самаўладзьдзя і самаізаляцыі ад Эўропы. Рэзалюцыя асуджае рэпрэсіі супраць беларускіх палітыкаў, праваабаронцаў і журналістаў. Эўрапарлямэнт таксама заклікаў краіны Эўразьвязу пашыраць дапамогу й кантакты з рэфармісцкімі сіламі ў Беларусі — прафсаюзамі, дэмакратычнымі партыямі, царкоўнымі ды адукацыйнымі арганізацыямі.

12 сакавіка 2003 — Эўрапейская камісія зацьвердзіла дакумэнт, у адпаведнасьці зь якім ЭЗ намерваецца будаваць свае адносіны зь Беларусьсю, Украінаю, Малдоваю, Расеяй і 10 краінамі Паўднёвага Міжмор’я як зь «сяброўскім колам бліжэйшых суседзяў». Сутнасьць гэтай ініцыятывы «Шырэйшая Эўропа — новыя суседзі» ў тым, што ЭЗ прапануе сваім суседзям цэлы шэраг варыянтаў супрацоўніцтва ў розных сфэрах, якое можа ажыцьцяўляцца і без уваходжаньня гэтых краінаў у ЭЗ. У прыватнасьці, распаўсюд на іх «чатырох свабодаў»: свабоднага перасоўваньня людзей, тавараў, паслуг і капіталаў. Аднак, «скарыстацца перавагамі адзінага рынку гэтыя дзяржавы могуць толькі ў выпадку захаваньня імі адзіных эўрапейскіх палітычных і эканамічных прынцыпаў».

Такім чынам, для пасьпяховага супрацоўніцтва ў рамках новай стратэгіі Беларусь павінна выканаць шэраг эканамічных і палітычных умоваў. У прыватнасьці, неабходна рэфармаваць эканоміку, стварыць умовы для разьвіцьця свабоднага рынку, абмежаваць умяшальніцтва дзяржавы ў эканоміку, забясьпечыць спрыяльныя ўмовы для прыватных інвэстараў. Акрамя таго, краіна павінна «рэальна трымацца» асноўных прынцыпаў АБСЭ і Рады Эўропы, маецца на ўвазе захаваньне правоў чалавека, свабоды слова, спыненьне перасьледу палітычных апанэнтаў з боку ўладаў, падвышэньне ролі парлямэнту, а таксама ўвядзеньне мараторыя і адмену сьмяротнага пакараньня. Наагул, варта падкрэсьліць, што ў Беларусі, у беларускага грамадзтва сёньня самы вялікі ў нашым рэгіёне патэнцыял супрацоўніцтва ды збліжэньня з Эўропай, паколькі ейныя дачыненьні з ЭЗ знаходзяцца ў вялікім мінусе. Разьвіцьцё стасункаў Беларусі з Эўропай мае ўсе шанцы быць імклівым і плённым, пры ўмове адпаведных унутрыпалітычных зьменаў у краіне і добра акрэсьленага і агучанага эўрапейскага шляху, эўрапейскага выбару нашае дзяржавы.

ІІ. Чаму эўрапейскі выбар Беларусі? (Why?)

Пашыраны за кошт 10 краінаў у 2004 г. ЭЗ мае пляны прыняць у 2007 г. у свае шэрагі Румынію, Баўгарыю й магчыма Харватыю; у сярэднетэрміновым пэрыядзе, Турцыя, як і краіны заходніх Балканаў, таксама маюць шанцы на далучэньне да ЭЗ пры ўмове глыбокіх нутраных ператварэньняў. Зь іншага боку, на сёньняшні дзень ЭЗ не разглядае пэрспэктывы сяброўства для 3 краінаў заходняй часткі СНД, якія геаграфічна знаходзяцца ў Эўропе і таму тэарытычна могуць прэтэндаваць на далучэньне адпаведна артыкулу 49 Дамовы аб ЭЗ. А гэты артыкул прызнае магчымасьць далучэньня да ЭЗ для любой эўрапейскай краіны, у тым ліку й Беларусі.

Вось жа, калі зыходзіць з уласна беларускіх інтарэсаў, які з трох магчымых фарматаў пабудовы дачыненьняў з ЭЗ ёсьць найлепшым, асабліва ў сьвятле пашырэньня? Разгледзім кожны з гэтых трох сцэнароў.

1.

ЭЗ–Расея

Першы сцэнар найгоршы для нашае краіны, паколькі Беларусь пры гэтым губляе статус незалежнага суб’екту міжнароднага права, ператвараецца ў адзін або 6 ці 7 суб’ектаў Расейскае Фэдэрацыі, [4] цалкам пазбаўляючы сябе магчымасьці вядзеньня самастойнай ды адпаведнай нацыянальнаму інтарэсу палітыкі стасоўна ЭЗ, цягласьць мяжы зь якім па пашырэньні будзе самай доўгай. Ужо сёньня відавочна, што беларускія ды расейскія інтарэсы, хаця б з гледзішча геаграфічных памераў, геапалітычных чыньнікаў ды структуры эканомікі, далёка не заўсёды супадаюць. Спадзевы ж на тое, што расейскі МЗС [5] будзе адстойваць інтарэсы толькі беларускіх суб’ектаў фэдэрацыі, ёсьць марнымі, бо гэтага не адбываецца нават ў сёньняшнім фармаце стасункаў расейска-беларускае саюзнае дзяржавы: маючы і так зашмат сваіх праблемаў, няма ніякіх гарантыяў, што Расея будзе абцяжарваць сябе шчэ й беларускімі.

2.

ЭЗ–Расея-Беларусь

Другі сцэнар не нашмат лепшы за першы. Гэта працяг сёньняшняга стану рэчаў, калі Беларусь ёсьць самавыключанай з агульнаэўрапейскіх працэсаў. Ейны хаўрусьнік — Расея — мае даволі салідны дамоўна-праўны падмурак для дачыненьняў з ЭЗ, ёсьць стратэгічным партнэрам ЭЗ, асабліва ў энэгетычнай сфэры, дамаглася паўставаньня інстытуцыйных рамак, ад самітаў да сустрэчаў шараговых экспэртаў, для рэгулярнага дыялёгу з ЭЗ. Але Масква «забываецца» пра існаваньне свайго беларускага хаўрусьніка ды абарону ягоных інтарэсаў, як тое, прыкладам, было пры вырашэньні пытаньня статусу Калініградскай вобласьці ў сувязі з пашырэньнем ЭЗ на ўсход. [6] Любыя ж кволыя спробы ЭЗ абмяркоўваць з Расеяй сытуацыю ў Беларусі ня мелі ніякага выніку (прыкладам можа быць саміт ЭЗ/Расея ў 2002 г., дзе беларускае пытаньне было вынесенае на абмеркаваньне ў парадак дня сустрэчы з эўрапейскага боку, але ў заключным камуніке яно не фігуравала).

3.

ЭЗ–Беларусь

Таму трэці сцэнар, які прадугледжвае існаваньне незалежнае дэмакратычнае Беларусі ды ейны рух да сяброўства ў ЭЗ, выглядае найбольш адпаведным беларускаму нацыянальнаму інтарэсу. Якія матывацыі руху Беларусі да ЭЗ? Найперш, геаграфічна і цывілізацыйна Беларусь, незалежна ад волі маскоўскіх ды і брусэльскіх бюракратаў, адвеку ёсьць у Эўропе. Эўрапейскі Зьвяз — гэта саюз роўных дзяржаваў і адзін з нешматлікіх у сёньняшнім сьвеце астравоў міру і дабрабыту, а бальшыня беларусаў адназначна раўнаецца на эўрапейскія стандарты ўзроўню ды ладу жыцьця. Беларусь зможа рэальна адстойваць свае інтарэсы ў сьвеце толькі як паўнавартасны сябра вялікай эўрапейскай сям’і народаў, скарыстоўваць ад удзелу ў агульнаэўрапейскіх сацыяльных, адукацыйных і культурнах праграмах.

Далучэньне Беларусі да Эўразьвязу дазволіць забясьпечыць незваротнасьць існаваньня незалежнае беларускае дэмакратычнае дзяржавы ды ўсталяваць сапраўды добрасуседзкія дачыненьні з Расеяй, якія будуць базавацца не на марах пра аднаўленьне СССР ды дэклярацыях пра «братэрства», а на ўзаемнай карысьці і павазе да агульнадэмакратычных каштоўнасьцяў.

У эканамічным пляне, таваразварот з краінамі ЭЗ, другім пасьля Расеі эканамічным партнэрам Беларусі, складае каля 17% ад агульнага. Ягоная доля падвоіцца (сягне 35%) з прычыны пашырэньня ЭЗ і надалей будзе няўхільна расьці дзеля нутранай дынамікі. Бо, нягледзячы на часовую палітычную ізаляванасьць, па ступені адкрытасьці эканамікі (доля экспарту складае 60% ад ВУП) нашая краіна ёсьць лідэрам сярод краінаў СНД, уваходзячы ў першую дзесятку эўрапейскіх краінаў па паказьніку суадносінаў аб’ёмаў вонкавага гандлю і валавага ўнутранага прадукту.[7] За апошнія тры гады экспарт беларускіх тавараў ў эўрапейскія краіны вырас больш чым у два разы (з $1,2 млрд. у 1998 г. да $2,8 млрд. у 2002 г.)

Наагул збліжэньне, а таксама магчымасьці інтэграваньня Беларусі з Эўропай відавочныя нават для расейскіх аналітыкаў (Дмітрый Трэнін), якія прызнаюць, што асноўныя чаканьні беларусаў накіраваныя на Эўропу, якая ёсьць узорам ладу жыцьця і эканамічнага дабрабыту.

ІІІ. Хто па абодва бакі? (Who?)

Найперш прызнаньне неабходнасьці далучэньня Беларусі да эўрапейскіх інтэграцыйных працэсаў павінна быць зробленым на ўзроўні самой ідэі, так званага «уяўнага пашырэньня» (imaginary enlargement) як у Беларусі, так і ў краінах ЭЗ.

Для Беларусі на шляху ейнага ўступленьня ў ЭЗ важна, каб грамадзкая думка краіны была ўсебакова праінфармаваная аб перавагах такога выбару, у прыватнасьці пра павелічэньне магчымасьцяў для рэфармаваньня нашых прадпрыемстваў, пра варыянты прыцягваньня эўрапейскіх інвэстыцыяў у беларускую эканоміку, што спрычыняцца да стварэньня новых працоўных мейсцаў, пра адмену візаў для паездак у эўрапейскія краіны, пра магчымасьць удзелу ў розных адукацыйных, культурных, трансмежавых кантактах для грамадзянаў Беларусі.

У беларускай палітычнай прасторы неабходнасьць руху «вяртаньня ў Эўропу» была агучаная нацыянальна-дэмакратычнымі сіламі практычна адначасова з суседнімі краінамі, сёньняшнімі кандыдатамі на далучэньне. Трэба падкрэсьліць, што пасьлядоўна праэўрапейскай партыяй на сёньняшні дзень ёсьць партыя БНФ, якая ў сьнежні 2002 г. першай з беларускіх палітычных партыяў заявіла ў сваёй праграме аб неабходнасьці ўступленьня Беларусі ў Эўразьвяз ды іншыя эўрапейскія структуры. Ідэя Эўропы асабліва спрыяльна ўспрымаецца маладым пакаленьнем. Ужо сёньня можна канстатаваць імклівае павелічэньне колькасьці розных ініцыятываў, якія заяўляюць пра сваю праэўрапейскасьць. Той факт, што ў Беларусі паўстала Эўрапейская кааліцыя, створаная партыямі левага кшталту, ёсьць яскравым сьведчаньнем зьмены палітычнай кан’юктуры, бо казаць пра сяброўства Беларусі ў ЭЗ стала палітычна выгадным. І можна надалей прагназаваць далейшы рост колькасьці праэўрапейскіх партыяў ды рухаў у Беларусі.

Вельмі імавернымі прыхільнікамі эўрапейскага выбару Беларусі льга таксама лічыць жыхароў памежных з пашыраным ЭЗ рэгіёнаў. Эўрапейскія перспектывы ды праграмы абменаў не прамінуць спрычыніцца да станоўчага ўспрыняцьця ЭЗ з боку дзяржаўных службоўцаў. Шмат якія экспэрты зважаюць на тое, што нават сёньняшнія ўлады часам спрычыняюцца да эўрапеізацыі беларускага заканадаўства і што гэтыя працэсы пры адпаведным палітычным выбары можна будзе шматкроць паскорыць ва ўмовах 10-міліённае краіны з даволі законапаслухмяным насельніцтвам.

Такім чынам, эўрапеізацыя Беларусі ўжо ідзе праз грамадзянскую супольнасьць, а таксама часткова праз эканамічных агентаў ды некаторыя заканадаўчыя акты. Пашырэньне ЭЗ, або так званы геаграфічны spill-over, яе паскорыць. З боку пашыранага ЭЗ, Польшча, Літва і Латвія маюць усе шанцы стаць адвакатамі прыняцьця дэмакратычнай незалежнай Беларусі ў ЭЗ, хаця б дзеля запазьбяганьня свайго памежнага статусу. Імавернымі хаўрусьнікамі Беларусі могуць стаць палітычныя сілы краінаў ЭЗ, што зь перасьцярогай ставяцца да празьмернай уніфармізацыі ЭЗ, і адстойваюць «Эўропу айчынаў» як падставовы прынцып эўрапейскай інтэграцыі. У гэтым кантэксьце вельмі важнай падаецца дзейнасьць беларускіх праэўрапейскіх сілаў па перакананьні сваіх эўрапейскіх партнэраў, якія ўжо пачалі thinking enlarged, гэта значыць мысьліць катэгорыямі пашыранай Эўропы, у здольнасьці Беларусі зрабіць станоўчы ўнёсак ў скарбонку аб’яднанай Эўропы і ў тым, што ейнае сяброўства не запаволіць тэмпы эўрапейскае інтэграцыі.

IV. Як? (How?)

Што да рэальнага пашырэньня (authentic enlargement), дык яно хутчэй за ўсё будзе адбывацца па мадэлі краінаў Цэнтральная Эўропы. [8]

У 1993 г. былі прынятыя Капэнгагэнскія крытэры што да краінаў-кандыдатаў:

Палітычныя. Стабільныя інстытуты, што гарантуюць дэмакратыю, вяршэнства права, правы чалавека, павагу ды абароны правоў меншасьцяў. Вымогі, што супадаюць з вымогамі Рады Эўропы, па-за межамі якой усё яшчэ ёсьць Беларусь. Калі ж казаць пра досьвед папярэдніх далучэньняў да ЭЗ краінаў Паўднёвае ды Сярэдняе Эўропы, дык уступленьню ў ЭЗ папярэднічала таксама й далучэньне да Арганізацыі Паўночнаатлянтычнае дамовы, якая вымагае ад сваіх кандыдатаў адсутнасьць тэрытарыяльных спрэчак, дэмакратычны цывільны кантроль над збройнымі сіламі, мадэрнізацыю апошніх да агульных стандартаў.

Эканамічныя. Дзейная рынкавая эканоміка, здольная вытрымаць канкурэнцыю і рынкавыя мэханізмы ўнутры ЭЗ.

Праўныя. Здольнасьць краінаў-кандыдатаў забясьпечыць, праз увядзеньне эўрапейскага права, выкананьне ўмоваў далучэньня да Зьвязу і ў прыватнасьці ўдзелу ў палітычным, эканамічным ды грашовым зьвязе.

Можна з пэўнасьцю сказаць, прыняцьцё Беларусі, нават калі гэта й будзе ўсходнеэўрапейскі «big-bang» (плюс Украіна і Малдова), ня будзе вымагаць такога, як зараз, перагляду структураў ды палітыкаў ЭЗ. З беларускага ж боку варта быць падрыхтаванымі, каб па прыкладзе польскага перамоўшчыка Яна Кулакоўскага паспрабаваць «прабіваць» свае інтарэсы, выгандлёўваючы розныя пераходныя перыяды (у Ніцы вялося пра 450 такіх пераходных перыядаў для краінаў-кандыдатаў) што да інтэграваньня acquis communautaire (гаворка ідзе аб 80 000 старонак эўрапейскага права, умоўна падзеленага на 31 разьдзел, — гл. дадатак) ў нацыянальнае заканадаўства.

Такім чынам, вельмі дарэчным на сёньняшні дзень падаецца пашырэньне грамадзкага абмеркаваньня перавагаў эўрапейскага выбару Беларусі, рэфлексія аб выкліках, вымогах ды этапах далучэньня Беларусі да ЭЗ. Беларускай грамадзянскай супольнасьці варта дамагацца, каб дапамога ЭЗ нашай краіне йшла на карысьць падтрымкі праэўрапейскіх сілаў ды ініцыятываў, а не на адбудову мяжы паміж Беларусяй і пашыраным ЭЗ.

....................................................

Спасылкі

[1] Яна адразу ж была ратыфікаваная беларускім Парлямэнтам. [^ Да тэксту]

[2] Стэрыльнасьць якога відавочная сёньня, хаця задэкляраваны за рэкордна кароткі тэрмін расейска-беларускі acquis communautaire падаецца ягонымі аўтарамі як супастаўляльны з эўрапейскім. [^ Да тэксту]

[3] Сваю палітыку да Беларусі ЭЗ узгадняе з іншымі агульнаэўрапейскімі інстытуцыямі: Радай Эўропы і АБСЭ (Парлямэнцкая тройка). [^ Да тэксту]

[4] Гэты сцэнар, агучаны Сп. Пуціным, адстойваецца бальшынёю расейскае палітычнае клясы. Зусім нядаўна расейскі праўрадавы парлямэнтар Д. Рагозін у чарговы раз пра гэта нагадаў, заяўляючы, што беларуская незалежная дзяржава — гэта недарэчнасьць. [^ Да тэксту]

[5] Ня варта, безумоўна, спадзявацца, што пры такім сцэнары беларускі МЗС будзе цалкам захаваны. [^ Да тэксту]

[6] Менавіта таму магчымасьць уплыву Беларусі на Расею адлюстраваная на схэме толькі пункцірам. Што ж да расейскіх рычагоў уплыву на Беларусь, дык яны шматлікія, хаця і не заўсёды задзейнічаныя. [^ Да тэксту]

[7] Паводле зьвестак МЗС Беларусі, прадстаўленых намесьнікам міністра А. Міхневічам у кастрычніку 2003 г. падчас сустрэчы бізнэсовых колаў Беларусі і Нямеччыны. [^ Да тэксту]

[8] Многія экспэрты кажуць, што мадэль апошняга пашырэньня ЭЗ найбольш прадуманая і падрыхтаваная. [^ Да тэксту]

Дадатак 1.

31 разьдзел перамоваў аб далучэньні да ЭЗ:

1. Вольны рух тавараў
2. Вольны рух асобаў
3. Вольны рух паслугаў
4. Вольны рух капіталаў
5. Заканадаўства аб фірмах
6. Палітыка ў галіне канкурэнцыі
7. Супольная сельскагаспадарчая палітыка
8. Супольная палітыка ў рыбалоўстве
9. Транспартная палітыка
10. Падаткаабкладаньне
11. Эканамічны і грашовы зьвяз
12. Статыстыка
13. Навакольнае асяродзьдзе
14. Сацыяльная палітыка і занятасьць
15. Энергія
16. Прамысловая палітыка
17. Дробныя і сярэднія фірмы
18. Адукацыя і навучаньне
19. Тэлекамунікацыі
20. Культура і аўдыёвізуальная палітыка
21. Рэгіянальная палітыка
22. Навакольнае асяродзьдзе
23. Ахова спажыўцоў і здароўя
24. Правасудзьдзе і ўнутраныя справы
25. Мытны зьвяз
26. Зьнешнія дачыненьні
27. Агульная зьнешняя палітыка і палітыка бясьпекі
28. Фінансавы кантроль
29. Фінансавыя і бюджэтныя пытаньні
30. Інстытуцыі
31. Рознае