Пачнём з таго, што насамрэч яднае гэтыя старыя новыя структуры беларускага рэжыму і дэмакратычных сіл: самі іх стваральнікі не надта разумеюць, для чаго ім па праўдзе патрэбныя гэтыя збудаваныя канструкцыі і ці можна будзе пакласціся на гэту новую ножку палітычнага крэсла ў будучыні? Але ёсць і істотнае адрозненне: калі створаная пад пільным наглядам лукашэнкаўскай адміністрацыі структура так званага «ўсебеларускага народнага сходу» не выглядае на тое, што можа «стрэліць» у нейкі момант і чымсьці здзівіць сваіх стваральнікаў і публіку, то з новай Каардынацыйнай радай можна чакаць розных неспадзяванак.

Нягледзячы на шматлікія інсайды, канспіралагічныя расклады і аналітыку палітычных працэсаў УНС так і не зрабіўся нейкім відавочным інструментам уладнага транзіту. Відаць досвед Казахстана ўсё ж аказаўся надзвычай траўматычным для стваральнікаў беларускага аналагаўнету, і таму ад ідэі зрабіць насамрэч нейкую новую дзейсную ўладную вертыкаль адмовіліся, захаваўшы па сутнасці наяўны статус кво.

Зацікаўленасць жа Пуціна ў правядзенні палітычнага транзіту ў Беларусі на сёння аказалася перабольшанай, бо тыя працэсы, якія цяпер у ёй адбываюцца, могуць цалкам задаволіць яго імперскую палітыку пабудовы «рускага свету» і мягкай інкарпарацыі нават без змены намінальнага лідара. У выніку УНС як быў, так і застаўся няўцямным «абычым». Адзінае, што яго новы старшыня і па сумяшчальніцтву бястэрміновы самапрызначаны кіраўнік краіны павесіў сябе на пінжак чарговую зорачку. Познябрэжнеўскія флэшбекі пераследвалі старэйшую частку аналітыкаў і публікі, якія назіралі за самой падзеяй: такія ж безаблічныя кандыдаты ва ўладу ад народа, як і на ўсесаюзных партыйных з’ездах, такая ж ні пра што павестка і усеагульны хваласпеў і адабрамс. Інтрыгай стаў хіба адзіны голас, не пададзены за новаабранага старшыню, які фармальна мог належыць самому Лукашэнку, што тэарэтычна мог устрымацца ад галасавання за сваю асобу.

Але нават гэта версія не выклікала вялікага даверу ў публікі і таму большасць працягвае гадаць, хто быў той адзіны партызан, што здолеў устрымацца ад безальтэрнатыўнага выбару «галоўнай надзеі Беларусі», якая настолькі баіцца канкурэнцыі на выбарах пост-2020, што не гатовая да яе нават з боку мясцовых чыноўнікаў без уласнае волі.

Далейшае існаванне структуры УНС не выклікае ніякай асабліва інтрыгі проста таму, што орган, які збіраецца раз на год (зрэшты як і раней, калі не меў афіцыйнага статусу) не здольны анічым кіраваць, толькі пераможна прымаць гучныя рэзалюцыі. А ягоны прэзідыум, які складаецца з пятнаццаці не надта выразных асоб, ніяк не змяняе існую канфігурацыю ўлады, бо, як і раней, усе рашэнні арганізацыі залежаць ад волі аднаго чалавека. Імя якога ўсе мы добра ведаем. Таму чым дакладна не з’яўляецца УНС — гэта нейкай новай палітычнай сілай ці органам народаўладдзя хаця ў якім выглядзе. Такі сабе сучасны рымэйк старога савецкага шлягера, накшталт «Іронія лёсу… працяг». Праўда апроч гігантаманіі з колькасцю сілавікоў, якія ахоўвалі «народных абранцаў», новых «дохлых пацукоў» ад Церцеля і пагроз у бок збеглых ад галоўнага аратара нічым сапраўды новым гэты з’езд пахваліцца не можа. Адчуванне застоя: ідэалагічнага, сацыяльнага і ментальнага. Так што нудзіць і заганяе ў сон нават уладных прапагандыстаў.

На фоне гэтай ад самога пачатку мёртванароджанай структуры Каардынацыйная рада выглядае прынамсі куды цікавей. Пачаць з таго, што гэта структура сапраўды ствараецца «ад нізу» і спрабуе «выгрызаць» сабе месца на палітычным полі, не надта рупячыся пра згоду з боку палітычных «цяжкавікоў» ад дэмсіл. Гэта ініцыятыва, якая мае свае амбіцыі і здольная пераканфігураваць палітычныя стасункі дэмакратычных сіл пры належнай канцэнтрацыі волі і стратэгіі.

Пра тое, што для многіх старых і новых палітыкаў гэта структура не ўяўляецца проста «дэмакратычным загончыкам», сведчыць хаця б колькасць пададзеных выбарчых спісаў і колькасць кандыдатаў у іх, у тым ліку з прадстаўнікоў Аб’яднанага кабінета, палітычных партый і грамадскіх арганізацый. Большасць разумее, што, нягледзячы на цяперашняе неразуменне місіі гэтай структуры, яе сіла палягае на тым, што яна можа (хаця і без гарантый) дарасціць сябе да аднаго з уплывовых інструментаў дэмакратычнай палітыкі. У тым ліку праз працэдуру лічбавых выбараў, які не толькі дае беларусам модны электаральны механізм, але і магчымасць упершыню за трыццаць гадоў самім абіраць прадстаўнікоў народа.

Самае вострае пытанне пры гэтым ад саміх беларусаў да выбараў у Каардынацыйную раду аднак застаецца надзённым: навошта нам можа быць патрэбная чарговая структура, якая не здольная рэальна змяніць уладу ў краіне бліжэйшым часам або неяк істотна палепшыць жыццё простых людзей? І тут трэба добра разумець рэальную прагматыку гэтага «навошта?». Так, у кароткатэрміновай перспектыве ніякі дэмакратычны орган не здольны змяніць сітуацыю, дзе пануе голы гвалт і сіла, а беларусам застаецца толькі пільна прыглядацца да глабальных геапалітычных раскладаў у Расіі, Еўропе, ЗША, Кітаі ды Украіне. Але, калі казаць пра гульню ў доўгую, то тады стварэнне Каардынацыйнай рады для беларусаў перастае выглядаць на валізу без ручкі.

Бо, што азначаюць выбары ў Каардынацыйную Раду? Па-першае, вяртанне да традыцыі дэмакратычнага галасавання, якой беларусы былі пазбаўленыя доўгія гады, канкурэнцыі палітычных праграм і пазіцый: гэта ўсё тое, што вызначае нармальны палітычны ландшафт, які існуе ў дэмакратычных краінах, і якому беларусам трэба вучыцца нанова, як чалавеку, што нанова вучыцца хадзіць пасля аўтамабільнай катастрофы. Па-другое, у вачах міжнародных назіральнікаў і саміх беларусаў такі орган набывае ўжо пэўную легітымнасць структуры, што ўсталёўваецца праз выбар саміх людзей: гэта тая самая легітымнасць, якой доўгія часы бракуе беларускай палітыцы, адкінутай на маргінез праз брутальныя парушэнні законаў і права. Так, гэта будзе яшчэ досыць умоўная легітымнасць, бо наўрад ці давядзецца чакаць, што канстытуцыйная большасць выбаршчыкаў здолее прыняць удзел у гэтай кампаніі як з прычын уласнай бяспекі, так і праз неданясенне інфармацыі. Але нават абмежаваная легітымнасць, гарантаваная галасамі пэўнай прапорцыі выбаршчыкаў, гэта ўжо куды больш, чым было у беларусаў доўгія гады «кіраванай дэмакратыі».

А цяпер пра спадзяваныя неспадзяванкі, якія можа прынесці беларусам гэтая новая структура і іншы сістэмны адказ на тое глабальнае «навошта нам Рада?» На што можа прэтэндаваць гэта новая палітычная сіла, калі возьмецца уладкоўваць сваё месца ў палітычным полі краіны, пасоўваючы ранейшых гульцоў і ствараючы сабе задачы і планы. На маю думку, ад новага органа можна чакаць як найменей наступных амбіцый і інтэрвенцый у поле палітычнага:

  1. Каардынацыйная Рада можа рэальна пачаць прадстаўляць інтарэсы розных груп грамадства і рабіць публічным голас і праблемы розных сацыяльных, узроставых і прафесійных груп, зрабіцца трыбунай для палітычных партый і арганізацый грамадзянскай супольнасці, бізнес-асацыяцый, якой яны былі пазбаўлены на доўгі час, каб мець магчымасць сумесна абмяркоўваць і шукаць рашэнні складаных праблем. І гэта не заўсёды патрабуе менавіта дзяржаўных механізмаў выканання, бо часткова можа вырашацца на ўзроўні самой грамадзянскай супольнасці, а штосьці можа рабіцца нават на ўзроўні той альтэрнатыўнай дзяржаўнасці, якая паступова выбудоўваецца беларусамі ў замежжы для магчымасці зваротнага экспарту на радзіму ў спрыяльны момант.

  2. Гэты орган зможа легітымна прадстаўляць дэмакратычную Беларусь на міжнароднай арэне, удзельнічаць у кансультацыях, рабочых групах на парламенцкім і міжпарламенцкім узроўні, прынамсі з краінамі Савета Еўропы, прымаць удзел у важных міжнародных палітычных сустрэчах на ўзроўні дэлегацый. З аднаго боку, гэта узмацніць канструкцыю міжнароднага прадстаўніцтва, якая трымаецца цяпер пераважна на міжнародных візітах Святланы Ціханоўскай, з іншага, забяспечыць іх больш гарызантальны узровень, даносячы беларускі інтарэс да еўрапейскіх чыноўнікаў і палітыкаў і працягваючы трымаць беларускае пытанне ў глабальнай павестцы.

  3. Каардынацыйная Рада можа таксама нарэшце заняцца заканадаўчымі, ці хутчэй прота-заканадаўчымі справамі з улікам таго статуса прота-парламента, які яна на сябе прымярае ўжо пэўны час. То бок на ўзроўні гэтага інстытута будзе магчыма арганізоўваць дэбаты і слуханні, рыхтаваць праекты заканадаўчых актаў і часовых палажэнняў на перыяд транзіту ўлады і вяртання законнасці. На сёння гэта досыць вялікі стос дакументаў ад палажэння будучага закона аб люстрацыі і вяртання маёмасці (рэстытуцыі) да стратэгічных дакументаў па рэформе эканомікі, сістэм правапарадку і праектаў міжнародных пагадненняў. І тут аб’ём працы залежыць толькі ад часавых і чалавечых магчымасцяў удзельнікаў гэтага інстытута. Можна бясконца спрачацца, калі гэтыя напрацоўкі змогуць быць рэалізаваныя, але дакладна куды горшай можа быць сітуацыя, калі дэмакратычныя сілы раптам змогуць атрымаць шанц на правядзенне сістэмных перамен ў краіне, але не будуць мець ані плана, ані разумення, як тое рабіць. А гісторыя нам сведчыць, што такія шанцы прыходзяць вельмі раптоўна і адразу нават пасля самых таталітарных рэжымаў.

  4. У дадатак да папярэдняга пункту, можна прагназаваць, што менавіта гэты інстытут можа прэтэндаваць на праяўленне пераважнай «заканадаўчай ініцыятывы», то бок сам выносіць на разгляд і пачынаць распрацоўку праектаў законаў і часовых палажэнняў. Безумоўна не толькі сама Каардынацыйная Рада можа ініцыяваць падобную працэдуру разгляду, напэўна трэба будзе яшчэ вызначаць, якія іншыя палітычныя структуры і грамадскія ініцыятывы могуць мець на тое права, але відавочна, што гэта вельмі істотна для планавання будучай дзейнасці і стварэння легітымных падстаў яе ажыццяўлення.

  5. Каардынацыйная Рада можа працягнуць выконваць тую працу, якую яна ўжо шчыльна пратэставала летась, а менавіта ўдзельнічаць у паляпшэнні існай канфігурацыі палітычных сіл, як тое было ў выпадку правядзення слуханняў, прыняцця справаздач і зацвярджэння на пэўны перыяд Прадстаўнікоў Пераходнага Кабінета, вотум даверу яго Старшыні, магчыма ў сферу яе амбіцый можа ўвайсці таксама вылучэнне кандыдатур новых Прадстаўнікоў і прадстаўленне іх Старшыні Кабінета для наступнага прызначэння на пасаду.

  6. Рада таксама выглядае як добры інструмент для выпрацоўкі рэкамендацый і прапаноў для павышэння эфектыўнасці працы іншых палітычных структур, прыярытэзацыі накірункаў іх дзейнасці і карэкцыі стратэгічных планаў і тактычных задач з улікам інтарэсаў і патрабаванняў іх выбаршчыкаў. Гэта можа даваць тую неабходную зваротную сувязь палітычным структурам, якія ў сваёй бягучай дзейнасці могуць занадта «адрывацца» ад поля і замяняць нацыянальныя інтарэсы інтарэсамі выжывання ўласных дэпартаментаў ці структур. Безумоўна заўсёды застаецца той момант, калі даваць кансультацыі і рэкамендацыі куды прасцей, чым спрабаваць іх выконваць самім, але тут будучыя народныя абранцы мусяць зыходзіць з прагматыкі палітычнай эфектыўнасці ўласных парад і змагацца супраць выключнага папулізму прапаноў.

  7. Каардынацыйная Рада у патэнцыяле таксама добры канал камунікацыі грамадства з сваімі палітычнымі прадстаўнікамі, за дзейнасцю якіх яны пераважна назіраюць праз медыйныя вочы. Рада ж ў сваю чаргу натуральнае месца дыялогу палітычных структур, палітычных арганізацый і арганізацый грамадзянскай супольнасці, дзе гэтыя прадстаўнікі могуць непасрэдна сустракацца і задаваць адзін аднаму вострыя «пытаннечкі». У той жа час прадстаўнікі СМІ і простыя грамадзяне Беларусі могуць спадзявацца на адкрыццё каналаў публічнай камунікацыі пры Каардынацыйнай радзе і яе дэлегатах, нешта накшталт «прыёмаў грамадзян» і прэсавых канферэнцый, дзе яны ўжо ў сваю чаргу змогуць атрымаць актуальныя каментарыі, выказаць сваю пазіцыю ці задаць нязручнае пытанне палітыкам.

  8. Безумоўна застанецца месца і для бюракратыі, вядзення справаводства: пратаколаў, публічных і непублічных дакументаў, якія апісваюць дзейнасць КР і арганізаваных праз яго мерапрыемстваў і праектаў, тое, што пасля застанецца матэрыяльным сведчаннем новай парламентарнай культуры Беларусі і што таксама важна для сістэмнага характару працы падобнай інстытуцыі.

Гэта, мяркую, далёка не поўны пералік тых магчымасцяў, якія могуць быць рэалізаваныя праз гэты орган беларускай дэмакратыі. Але ці будуць яны рэалізаваныя насамрэч — тут пытанне да саміх беларусаў і іх прадстаўнікоў у КР. У кожным разе гэта нават у такім выглядзе у восем разоў больш за тыя магчымасці, якімі валодае лукашэнкаўскі УНС, адзінай функцыяй якога застаецца стварэнне масоўкі і сімуляцыі падтрымкі здрахлеламу генсеку. Яшчэ важнай з’яўляецца тая акалічнасць, што хаця на сёння ані Офіс Святланы Ціханоўскай, ані Пераходны Кабінет не маюць гатовага адказу на пытанне, якое месца ў будучыні мусіць заняць Каардынацыйная Рада ў палітычным полі Беларусі і якім будзе характар іх узаемадзеяння з гэтай новай сілай, яны прынамсі не зачыняюць для сябе магчымасць дазволіць розныя опцыі гэтай будучай супрацы і падзелу палітычнай адказнасці і правоў.

Таму нягледзячы на ўяўную моц створанай у Беларусі праўладнай структуры і слабасць дэмакратычнай — у стратэгічнай перспектыве выбары ў Каардынацыйную Раду могуць стаць падзеяй куды больш лёсавызначальнай для Беларусі і беларусаў за палітычную тусоўку праўладных «мажораў».