У дэмакратычных краінах палітычныя эліты звыкла жывуць электаральнымі цыкламі. Перавыбары кожныя чатыры або пяць гадоў дазваляюць ажыццяўляць сякую-такую ратацыю эліт і рабіць пераасэнсаванне стратэгічных мэтаў і задач палітычным лідарам і партыям. І гэта норма, якая дзейнічае… там, дзе дзейнічае такая норма. На жаль, для вялікай часткі беларускіх палітычных аналітыкаў падобнае ўяўленне пра норму з’яўляецца абсалютнай ісцінай, якая не дае зірнуць на палітычнае поле хаця крыху іначай, маўчу ўжо больш крэатыўна.

Як ад палітыкаў відавочна патрабуюць новых дзеянняў і дасягненняў, гэтаксама ж ад палітычных назіральнікаў і экспертаў патрабуюць і чакаюць новых прагнозаў і парад, што з гэтым наяўным палітычным полем рабіць? І першым, і другім немагчыма ўвесь час паўтараць адныя і тыя ж словы ці жыць ранейшымі дасягненнямі, таму даводзіцца імправізаваць. Вось і цяпер мы назіраем эксперцкае чаканне ў Беларусі нейкага новага «электаральнага цыкла» і пачатак звыклых мантраў ад мясцовых аналітыкаў пра тое, як з гэтым палітычным полем у часе выбараў трэба працаваць. Пры тым, што гэтыя выбары даўно адсутнічаюць у беларускім поле як факт — ведаюць усе, ведаюць, але працягваюць лічыць, што гэта не замінае палітычнай актыўнасці з іх нагоды. Тут цікавае іншае: тое, што паважаныя эксперты кепска разумеюць і адрозніваюць «нарматыўнае» палітычнае поле ад «надзвычайнага», і таму іх парады, якія звыкліся слухаць гадамі раней, на сёння выклікаюць хіба крывую ўсмешку.

Вось і ў чарговы раз сацыёлаг і палітычны аналітык Рыгор Астапеня і яго не менш вядомы калега, палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі выступілі публічна з фактычна аднолькавым тэзісам: дэмакратычныя сілы мусяць абавязкова прымаць удзел у чарговым «электаральным цыклу», імітацыяй якога збіраецца займацца так званы ЦВК Беларусі ў 2025 г., каб, маўляў, праз гэта неяк падтрымаць сваю легітымнасць у вачах людзей і заходніх партнёраў. Палітыкам эмацыйна закідаецца неабходнасць зняць «белыя пальчаткі» і спыніць «злаваць дзеда», каб у выніку гэтых няхітрых маніпуляцый аб’яднаныя дэмсілы маглі з пэўнасцю прайграць у чужую гульню і нібыта неяк вярнуць папярэдняе статус кво. То бок палітычнае поле, у якім зноў будзе абмежаваная колькасць палітычна рэпрэсаваных, няма дазволеных палітычных правоў і свабод, але застаюцца нішы для абмежаванай свабоды слова і грамадзянскай актыўнасці. Карацей наперад да звыклага слаўнага аўтарытарызму, каб пазбыцца жаху цяперашняга таталітарызму.

Не будзем казаць пра наіўнасць падобных чаканняў, звязаных з тым, што ўсе прадстаўнікі дэмакратычных сіл могуць «перагарнуць старонку» і вярнуцца ў Беларусь, каб заняць там спусцелае апазіцыйнае палітычнае поле, а рэжым раптам здолее ўзгадаць гуманістычныя і прававыя прынцыпы і пачаць зноў жыць «па законах», хаця б і па такіх драконаўскіх як у Беларусі. Адзначым толькі, што адзіны каментар на гэта ў адказ ад намесніка старшыні Пераходнага Кабінета і кіраўніка НАК Паўла Латушка можа і залішне падрабязны, але змяшчае галоўны правільны пасыл: калі ідзе вайна, законы мірнага часу не дзейнічаюць. Калі дзяржава абвяшчае вайну свайму грамадству, то тут нельга пачаць ужываць нейкія маркетынгавыя тэхналогіі: калі не атрымліваецца ваяваць, давайце будзем з супраціўнікам гандляваць. Любыя палітычныя тэхналогіі добра рэкамендаваць ужываць там, дзе палітычнае поле існуе хаця б у нейкім варыянце нормы.

Ці маем мы такую «норму» цяпер у Беларусі? Відавочна, не. Раней сістэма працавала на няхай вельмі дэфармаванай і крывой, але версіі «нормы»: палітычныя партыі і дзеячы ведалі негалосныя «чырвоныя лініі» і дазволеныя формы палітычнага існавання, у межах якіх яны сапраўды маглі змагацца за сімпатыі насельніцтва, перыядычна хадзіць па розум на нібыта электаральныя падзеі, весці абмежаваную палітычную агітацыю. Сёння ў Беларусі гэта ўсё немагчыма: ніякіх «чырвоных ліній» больш не існуе. Немагчыма настолькі, што працаваць і выказваць свае погляды стала цяжка нават ультралевым сталіністам накшталт Мірсалімавай, і нават «карысным ідыётам» і прыхільнікам рускага міру накшталт Бондаравай, якой час ад часу адвешваюць балючыя пстрычкі.

Сёння, калі праўладны ідэолаг Пётр Пятроўскі прапануе на сур’ёзных шчах саджаць у турмы за выказванне нацыяналістычных ці ліберальных поглядаў, пра які варыянт палітычнае «нормы» мы можам весці гаворку? Закон выжывання для палітычных і грамадскіх дзеячоў, што засталіся ў Беларусі адзін — не высоўвацца альбо на ўсякі капыл хваліць уладу. Які адзіны кандыдат мусіць што змяняць у непрыхаваным выбарчым фарсе, калі ў гэтым цырке на арэне дазволена выступаць толькі аднаму клоўну? Безумоўна, для заходняй палітыкі ўдзел або няўдзел палітычных сіл у электаральных кампаніях — гэта значны паказчык іх легітымнасці і народнай падтрымкі. Але ніхто звычайна не наракае на нелегітымнасць парламентаў ці ўрадаў, якія не пераабіраюцца праз вайсковы стан. Ніхто ж не думае ўсур’ёз, што заходнія партнёры будуць лічыць менш легітымным урад Зяленскага толькі таму, што ён не правядзе ў тэрміны чарговыя прэзідэнцкія выбары або не будзе праводзіць перавыбары ў Раду?

У Беларусі, хаця можа гэта і не ўсім відавочна, палітычнае поле цяпер таксама працуе ў «надзвычайным стане», што адзначае нават сам Лукашэнка, які ўжо некалькі разоў падпісаў дакументы пра дзейнасць ўрадавых органаў у часе вайны. Беларуская дзяржава цяпер цалкам рэалізавала сваю пазіцыю Суверэна і адмяніла ўсялякія для сябе абмежаванні суцэльным надзвычайным становішчам: гэта калі перманентна «не да законаў», рэпрэсіі — новы варыянт «нормы», які замяняе звыклую ўнутраную палітыку, а ўся ідэалогія і рыторыка скіраваная на падрыхтоўку і чаканне будучай вайны. Вы напраўду ўпэўненыя, што менавіта заходнім партнёрам трэба, каб рэшта дэмакратычнай апазіцыі была ўкінутая ў топку гэтай «пякельнай машыны», каб падзеліць лёс Ціханоўскага, Калеснікавай, Станкевіча і Бабарыкі? Ці пытанне ў недахопе крэатыўнага выабражэння ў шаноўных аналітыкаў і экспертаў, якія не бачаць іншых варыянтаў як сотню разоў паўтараць звыклыя рэцэпты веганскага меню на банкеце людажэраў?

Калі аналітыкаў сапраўды цікавіць пытанне, што робяць і мусяць працягваць рабіць тыя людзі, якія называюць сябе Кабінетамі, Офісамі, Радамі і г. д., то яны мусяць разважыць, а што сапраўды сёння можна рабіць для будучыні Беларусі як суверэннай дзяржавы, не губляючы час на відавочна пройгрышныя стратэгіі? Як выглядае, на сёння ў дэмакратычных сіл ёсць некалькі найбольш важных накірункаў дзейнасці, у якіх яны па меры сіл і таленту шчыруюць.

  1. Міжнароднае прызнанне Беларусі. Насамрэч важная і не цалкам відавочная тэма, бо большасць думае, што незалежнасць Беларусі як дзяржавы і яе існаванне — гэта нейкая канстанта. Насамрэч не: для таго, каб Беларусь разглядалі на Захадзе не як failed state, не як «прыдумку бальшавікоў» ці частку рускага этнаса, якую можна з лёгкасцю аддаць у якасці трафея рускага мядзведзю, задаволіўшы ягоны апэтыт — трэба ўвесь час трымаць беларускую павестку на вялікай міжнароднай сцэне. Гэта значыць казаць пра гэта Прэзідэнту ЗША і галаве Еўракамісіі, пераказваць чальцам Савету Еўропы і кіраўнікам іншых буйных краін і значных палітычных арганізацый. І тут вы можаце раіць, як гэта рабіць яшчэ эфектыўней і больш пераканаўча дзеля будучыні краіны, каб тая «не згубілася» неўзабаве між пратаколамі.

  2. Захаванне і развіццё нацыянальнай ідэнтычнасці. Зноў такі, не бывае так, каб нацыі існавалі па змаўчанні, іх існаванне насамрэч цяжкая штодзённая праца, «штодзённы плебісцыт». Сёння ў Беларусі відавочна ўзяты рэй на вынішчэнне любога нацыянальнага (чытай «нацысцкага») элемента: гэта жахлівы маштаб русіфікацыі, жудасныя рэпрэсіі супраць дзеячоў нацыянальнай культуры, выкіданне ўсяго беларускага і замена яго «дэкарацыямі». Таму ў такіх варунках менавіта дэмакратычныя сілы і афіліяваныя з імі структуры грамадзянскай супольнасці перанялі на сябе клопат пра захаванне беларускай мовы, традыцый, культуры, адукацыі і навукі. І тут таксама пры жаданні можна і варта радзіць, як гэта трэба рабіць больш эфектыўна і паслядоўна, каб беларусы як нацыя не зніклі, бо «якая розніца якую мову і культуру спажываць».

  3. Працяг ціску на рэжым і стварэнне яму нязручнасцяў для існавання. Безумоўна, самі па сабе санкцыі рэжымаў не змяняюць, але іх існаванне, нават у існым паслабленым выглядзе, агулам паслабляе рэсурсы сістэмы і не дае ёй дадатковы запас трываласці. Гэта сапраўды інструмент, які можна выкарыстоўваць як прадмет для перамоў, але з пазіцыі сілы, калі гаворка сапраўды зможа пайсці пра арганізацыю нацыянальнага круглага стала. Іншым і важным кірункам ціску, на якім дасюль паспяхова шчыруюць пераважна кіберпартызаны, з’яўляецца лічбавая сфера, і тут насамрэч яшчэ шмат невыкарыстаных магчымасцяў для здабыцця моцнага рэсурсу, які можна будзе выкарыстаць і для вызвалення палітвязняў і для будучых перамоваў. І гэты палітычны «атмасферны ціск» на рэжым варта захоўваць і пашыраць, а экспертам — даваць рады там, дзе гэтыя магчымасці ціску не былі добра ўлічаныя.

  4. Узмацненне сілавога блоку і падрыхтоўка мілітарных і парамілітарных сіл для магчымага вызвалення і/ці абароны Беларусі. І гэта мусіць адбывацца магчыма больш сістэмна, у больш шчыльнай каардынацыі беларускіх дабраахвотніцкіх падраздзяленняў ва Ўкраіне і палітычных сіл, каб мець на ўсялякі выпадак уласны меч пры немагчымасці выхаду на мірныя перамовы і нацыянальны круглы стол. Сілавы блок беларускай нацыі варта падтрымліваць ужо хаця б таму, што яго дзейнасць на сёння з’яўляецца адной з галоўных гарантый таго, што Беларусь зможа калісьці ўвайсці ў кааліцыю краін-пераможцаў, а не застацца выключна суагрэсарам і пасобнікам пуцінскага рэжыму. Па зразумелых прычынах, праўда, любыя сілавыя варыянты для палітычных аглядальнікаў выглядаюць як «фантастычныя» і «нерэлевантныя».

  5. Падрыхтоўка новых праектаў рэформ палітычнага і грамадскага жыцця, развіцця навукі, адукацыі, эканомікі і культуры. Калі нават сёння падобная дзейнасць выглядае несваечасовай і магчыма залішняй, у Беларусі павінна быць візія яе будучага развіцця, яе шлях у заўтра, які б не зводзіўся да мантры пра стабільнасць і моцную руку, што не дае разваліцца традыцыйным каштоўнасцям. Тут таксама вялікая задача і адказнасць дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці — гэту місію трымаць і забяспечваць яе паступовае напаўненне. А задача аналітыкаў і экспертаў радзіць, як найлепей тую місію выканаць.

Ужо нават гэтых галоўных акрэсленых задач на сёння куды больш, чым трэба, каб усе «гэтыя кабінеты, офісы і рады» мелі працу не толькі да 2025 г., а і нашмат долей. Так, гэтыя меры не даюць хуткага і зразумелага плана вызвалення краіны, і так, магчыма яны рэзануюць з думкамі не пераважнай большасці беларусаў, як зрэшты і дэклараваны летась дэмакратычнымі сіламі еўрапейскі выбар для Беларусі. Але гэта не пасіўная, а актыўная стратэгія паступовых трансфармацый, якая дазваляе назапашваць рэсурсы для працяглага змагання. Рэжым і дэмакратычныя беларусы цяпер апынуліся ў сітуацыі «акопнай вайны», калі ніводзін бок не можа абвясціць сваю перамогу і рухацца надалей, але «на вайне як на вайне»: трэба шукаць новыя і больш крэатыўныя спосабы яе вядзення і здабыцця новых пераваг, а не ісці ў простыя і банальныя «мясныя штурмы» на выбары толькі таму, што без такіх штурмаў ніхто вам, маўляў, не паверыць, што ідзе вайна.

А беларускай палітычнай аналітыцы варта расстацца з пажаўцелымі гарвардскімі канспектамі і больш пільна і чуйна падыходзіць да аналізу «надзвычайнай» беларускай рэальнасці, што так кепска трапляе ў звыклыя паліталагічныя схемы.