Ужо амаль два гады мінула з пачатку адкрытай агрэсіі Расіі супраць незалежнай дзяржавы Украіна, што канчаткова сарвала маскі і паказала расклад сіл у нашым рэгіёне, каб можна было зрабіць пэўныя высновы і памяняць старыя сістэмы каардынат. На жаль, значная частка дэмакратычных сіл і іх прыхільнікаў працягвае існаваць у старым свеце і мысліць архаічнымі катэгорыямі. Напрыклад, любімай катэгорыяй супрацьстаяння: дэмапазіцыя/Лукашэнка. Усе пытанні і стратэгіі, якія прапануюцца ў межах падобнага падыходу, маюць адну і тую ж ментальную хібу: яны ўсе пакідаюць беларускую тэму ў межах ўжо даўно няіснай сітуацыі — аўтаномнага палітычнага поля Беларусі.

Калі сёння дэмакратычныя палітыкі шукаюць спосабы неяк паўплываць на падзеі ў краіне, а іх аўдыторыя вымагае ад іх канкрэтных вынікаў, то вельмі часта гэта гучыць прыкладна так: давайце нешта зробім з сістэмай, збудаванай Лукашэнка, каб яна абрынулася і перамены ў Беларусі зрабіліся магчымымі. Падобная пастаноўка пытання выглядае надзвычай наіўна ў сітуацыі фактычнай неабвешчанай двайной акупацыі краіны. Можна дзясятак старонак спісаць, пералічваючы факты, якія дае аналітыка з адкрытых крыніц — і ўсе яны сведчаць толькі пра адно: такіх аб’ёмаў зачысткі нацыянальнага поля і маштабу русіфікацыі не было ў Беларусі з часоў Міхаіла Мураўёва, па мянушцы вешальнік.

Ужо фактычна сінхранізуюцца навучальныя праграмы школ і ўніверсітэтаў, а на «дзяржаўным узроўні» падпісваюцца дакументы пра паглыбленне расійска-беларускай інтэграцыі, якая пагражае такі ў бліжэйшы час наступіць. Бо няма ўжо каму ёй супрацьстаяць на ўзроўні краіны — поле зачысцілі добра. Вяршыню гэтага айсберга мы, на жаль, заўважаем толькі па знікненні надпісаў на лацінцы і беларускіх шыльд у гарадах. Таму і разважаць ужо трэба зусім у іншай парадыгме: не што мы можам зрабіць з сістэмай Лукашэнка, а як нам перамагчы ў змаганні з Крамлём?

Усе папярэднія спробы беларусаў выйсці з пад кантролю Крамля сілавым шляхам — праз паўстанне — сканчваліся няўдачамі. І гэта безумоўна траўматычны досвед для многіх пакаленняў. Сёння перад намі адкрываецца куды больш магчымасцяў у сувязі з тым, што ўпершыню беларусы аказваюцца не сам на сам са сваімі праблемамі. Прынамсі, у падобнай сітуацыі цяпер знаходзіцца Украіна, якая вымушаная са зброяй у руках адстойваць сваю незалежнасць, і ёсць немалы пул краін-суседзяў, якія нас усяляк падтрымліваюць у імкненні здабыць вызваленне. Але зноў — па палічках. Трэба ўсвядоміць, што пытанні трэба задаваць правільна і выніку чакаць не таго, які чакаўся заўсёды, а актуальнага для цяперашняй сітуацыі.

Трэба разумець, што дэмакратычным палітыкам сёння трэба выпрацоўваць стратэгію перамогі, арыентаваную на 1) супрацьстаянне расійскай схаванай і адкрытай агрэсіі і паглынанню беларускай незалежнасці; 2) спробу пераадолець татальную зачыстку любых форм іншадумства і супраціву ўнутры краіны. Гэта стратэгія не можа быць простай і арыентавацца выключна на ўнутрыбеларускія фактары. Яна павінна абавязкова ўключаць у сябе кампанент захавання і развіцця нацыянальнай ідэнтычнасці — галоўнага, з чым цяпер змагаецца Крэмль рукамі лукашэнкаўскіх чыноўнікаў. Гэтыя чыноўнікі ў масе сваёй не хаваюць сваёй афіліяцыі з Расіяй і нават адкрыта дэманструюць расійскую сімволіку і партрэты Пуціна ў сваіх кабінетах.

Таксама падобная стратэгія мусіць улічваць тое, што без выбудовы трывалых альянсаў і сувязяў на рэгіянальным узроўні — з Украінай, Польшчай, краінамі Балтыі і шырэй Еўрасаюзам — ніякай гарантаванай будучыні ў беларускага грамадства не будзе. Таму два асноўныя трэкі, на якіх павінны прыкладаць свае намаганні аб’яднаныя дэмакратычныя сілы сёння — гэта міжнародная дыпламатыя і нацыябудаўніцтва. Трэці, не менш важны трэк развіцця — гэта пабудова ўласнага сілавога блока для наступнага кантролю тэрыторыі, калі для гэтага з’явіцца магчымасць. Таму што на сёння тое квазі-беларускае войска, якое мы маем, відавочна не вырашыць падобнай задачы.

Інерцыя апазіцыйнага мыслення схіляе нас разважаць у старых варунках — арганізацыі выбарчых кампаній і публічных пратэстаў у краіне, прапаганды і агітацыі сярод насельніцтва і іншых маладзейсных на сёння (бяз)дзеянняў. Правільная стратэгія мыслення павінна нас вучыць правільна разумець абставіны, канфігурацыі сіл і напрамкі канечных задач.

Што можа быць надзейнымі індыкатарамі поспеху стратэгіі дэмакратычных сіл на сёння: 1) выбудаваная сістэма міжнародных дамоўленасцяў і альянсаў, якія гарантуюць Беларусі належнае месца ў паваенным свеце (тое, чаго не дамагліся зрэшты ў часы БНР); 2) надзейная інфраструктура для падтрымкі і развіцця нацыянальнай ідэнтычнасці і стратэгія яе прасоўвання сярод людзей; 3) сфармаваны сілавы блок, які будзе гатовы браць на сябе задачы і адказнасць у вызваленні і абароне краіны. Толькі пры выкананні гэтых пунктаў у беларусаў можа з’явіцца надзея на далейшае незалежнае і дэмакратычнае існаванне. Замыканне ж у старых ідэях і наратывах — прыкмета інерцыі і дэградацыі палітычных рухаў і светапоглядаў.