«Чырвонай імперыі няма, але чырвоны чалавек застаўся, працягваецца» — казала ў сваёй Нобелеўскай лекцыі 2015 года наша пісьменніца Святлана Алексіевіч. Сёння мы разумеем, што працягваецца не толькі ён, працягваецца, хай і ў змененым выглядзе, тая «чырвоная імперыя», якая яго спарадзіла. Усё ўжо паказана ў «Сімпсанах»: таму сучасная пуцінская Расія, як на вядомым плакаце Цэслера, усё больш змяншае плошчу іншых колераў трыкалора, каб пакінуць там адну крыважэрную чырвань, замяніўшы размовы пра дэмакратыю і дзелавое партнёрства непрыхаванай агрэсіяй.

Але гаворка не толькі пра расійскую імперыю, якая акрыяла на нашых вачах, увабраўшы у сабе пачварныя гібрыдныя формы з’яднання праваслаўнага фундаменталізму з мілітарызаваным сталінізмам. Рэванш чырвонага чалавека адбываецца тут і зараз таксама ў Беларусі.

Зрэшты Лукашэнка ніколі не саромеўся называць сябе савецкім чалавекам. У яго ўсё лепшае паходзіла з мінулага той імперыі — самая лепшая савецкая адукацыя, лепшая планавая эканоміка, лепшыя стасункі з савецкімі рэспублікамі. Няма нічога дзіўнага, што менавіта пры гэтай уладзе настолькі камфортна і радасна сябе пачуваюць менавіта прыхільнікі камуністычнай ідэалогіі. Пасля кароткага перыяда непаразумення, калі частка актыву камуністычнай партыі пайшла супраць новай аўтарытарнай улады, астатнія чырвоныя рэваншысты ўбачылі сваю вялікую духоўную блізкасць і еднасць з духам і літарай беларускай дзяржавы. І той трыюмф чырвонага чалавека, які можна было назіраць на галоўнай плошчы Мінска 7 лістапада пад «вялікім Леніным», дзе дзясяткі і сотні савецкіх касплэераў спрабавалі сваім мітынгам у чарговы раз уваскрэсіць «дух Вялікага Кастрычніка», вельмі красамоўны.

У краіне, дзе людзей саджаюць па крымінальнай справе проста за спалучэнне адзення ў нацыянальныя колеры, дзе простая гаворка па-беларуску можа скончыцца для аратара патрапленнем у міліцэйскі пастарунак, маханне чырвонымі сцягамі былой імперыі — справа не забароненая і нават пачэсная. На фатаздымках бачна і маладога супрацоўніка хуткай дапамогі са сцягам у руцэ і міліцыянтаў, што ўрачыста «аддаюць чэсць» чыгуннаму правадыру. З чырвоным сцягам ты можаш смела гуляць па вуліцах Мінска ці Гомеля і асяняць мінакоў іконай Сталіна: міліцыянты, якія йдуць насустрач, будуць проста цябе не заўважыць ці таксама яшчэ «аддадуць чэсць».

Больш за тое, літаральна месяца не прайшло, як злавілі і прымусілі выбачацца на камеру падлеткаў, што недзе адшукалі на вуліцы сцяг чырвонай імперыі і выцерлі аб яго ногі на камеру, бо гэта ж «блюзнерства» і здзек над нацыянальнымі сімваламі. Што, вас вучылі, што нацыянальныя сімвалы — гэта іншае? Забудзьце, толькі чырвонае, толькі хардкор. У сваёй эканоміцы Беларусь на сёння застаецца рэліктам савецкай сісітэмы з дзяржаўнай планавай эканомікай, пяцігодкамі і велізарнай колькасцю дзяржаўных прадпрыемстваў і службаў.

Так, НЭПманы пакуль яшчэ дазволеныя, але апошняму з іх — іпэшніку (хаця для гэтай улады ён усё адно «нэпман») — правадыр з радасцю паціснуў бы руку яшчэ пару дзясяткаў год таму. І сёння ўлады прыкладаюць максімум высілкаў, каб гэтае пажаданне вярхоўнага было выканана як наймага хутчэй. Мяжа паміж дзяржаўнай і прыватнай уласнасцю у Беларусі таксама вельмі крохкая: сёння ты кіруеш прыбытковым заводам па вытворчасці металапракату, напрыклад, а заўтра апынаешся на нарах за «эканамічныя злачынствы», а твой завод перадаецца ў дзяржаўную ўласнасць, бо яго трэба тэрмінова «ратаваць» (ад лішніх прыбыткаў, хочацца дапоўніць). Дзяржаўныя заводы і калгасы, дабраахвотна-абавязковыя суботнікі і намеснікі па ідэалогіі — ці гэта не шчаслівы сон колішняга чырвонага чалавека? Адно незалежныя эксперты працягваюць бачыць у беларускай эканоміцы «проталіберальную мадэль», хаця яе там не больш, чым было пры сталінскім НЭПе.

У нацыянальным пытанні сённяшнія чэкісты, якія не саромеюцца так сябе называць і апранаць сваю улюбёную блакітную форму па святах, таксама вельмі добра перанялі традыцыі «Вялікага кастрычніка» і працягваюць барацьбу з «усялякай нацдэмаўшчынай». Пад іх ботам трышчаць незалежныя выдавецтвы і кнігарні, прыватныя школы і беларускамоўныя асяродкі, незалежныя гісторыкі і архівы, помнікі нацыянальным героям і нацыянальныя сімвалы. Затое вакол спрэс «генацыд савецкага народа». Менавіта так, бо ў іх формуле беларускае азначае савецкае. А ўсе тыя, хто ведаюць пра іншую дасталінскую Беларусь — ворагі і нацысты. Калі «Украіну прыдумаў Ленін», то савецкую Беларусь ім відавочна падараваў «таварыш Сталін» — іншае Беларусі яны не ведаюць і прызнаваць асабліва не хочуць. Хіба толькі ў кволых спробах «акадэміка» Марзалюка ці прапагандыстаў Пятроўскага і Дзермана навязаць вярхоўнаму дучэ мантыю і вобраз Вітаўта Вялікага, якога дарэчы таксама хрысцілі былі ў Аляксандра. Але і той маленькі ВКЛ, які ўлады дасюль яшчэ прагнуць талераваць, для іх таксама хутчэй старая байка пра «чоткіх» князёў і пакорны народ, які ішоў туды, куды яму паказвалі правадыры. Карацей ніякай вам «рэчы паспалітай», толькі аўтакратыя і бязмоўны беларускі народ у лапцях.

Беларуская палітыка цяпер таксама зачышчаная цалкам пад савецкі ўзор пачатку 20-х гадоў: галоўная партыя былых камуністаў і чыноўнікаў «Белая Русь» і некалькі класава блізкіх марыянетачных партый, з нешматлікімі, але выразнымі членамі. Ужо рэанімавалі і усесаюзны з’езд ЦК КПСС у абліччы усебеларускага народнага сходу, раней кансультатыўна-адабральнага, цяпер яшчэ нібыта з нейкімі паўнамоцтвамі. Рэванш чырвонай сістэмы набывае усё большы моц, а ўлада Лукашэнкі ўжо сама не ў стане збочыць з выбранай раней каляіны. Таму больш міліцыі на вуліцах, больш ваенрукоў і ідэолагаў у школы і на прадпрыемствы, больш ваенна-патрыятычных гурткоў і «народных апалчэнцаў» — назад у светлую будучыню! І натуральна захоўваць свята 7 лістапада — дзень «Вялікага кастрычніка», дасягненнем якога з’яўляецца ў тым ліку і сучасная беларуская наменклатурна-сілавая дыктатура.

Беларусы сёння вымушаны пераздаваць ўрокі, якія ім не ўдалося вывучыць і здаць з першага разу. Вельмі сімвалічна, што як і нашы продкі — заснавальнікі БНР, чые 100-годдзе мы нядаўна так велічна адзначалі — мы цяпер вымушаны змагацца за незалежнасць нашай краіны і магчымасць дэмакратычнага нацыянальнага жыцця. Як і героі паўстання Кастуся Каліноўскага, чые парэшткі мы нядаўна ўрачыста перапахавалі, знайшоўшы іх на замкавай гары, мы вымушаныя весці нацыянальна-вызвольную барацьбу з кіпцюроў усё той жа расійскай імперыі.

Нам можа падавацца, што ў гісторыі няма паўтарэнняў, што палітычныя зомбі ніколі не змогуць паўстаць з сваіх магіл, каб цягнуць туды жывых, але менавіта гэта мы і назіраем зараз на ўласныя вочы. Беларусі сёння трэба дэкамунізацыя, каб пазбыцца чараў і ўлады чырвонага чалавека. І пачынацца яна мусіць у мысленні кожнага з нас. Беларусі патрэбна дэідэалагізацыя ўсіх сфер жыцця, каб ніхто не папракаў іншага адзінай правільнай ідэалогіяй беларускай дзяржавы, а колер тваіх шкарпетак не прадвызначаў твой шлях у СІЗА. Беларусі трэба свая дэімперыялізацыя, каб не славіць больш імёны сваіх прыгнятальнікаў і дзеячоў іх культуры — слаўных генералісімусаў Суворавых і геніяльных паэтаў Пушкіных — і не называць у іх гонар вучэльні і бібліятэкі.

Беларусі нарэшце патрэбна і дэкаланізацыя: пазбаўленне ад навязаных імперскім цэнтрам уяўленняў пра сябе як пра «маленькі лапік зямлі», «малодшых братоў» і «сялянскую мову». І вось калі гэта зразумее і пачне рабіць перад усім з сабой і сваімі дзяцьмі кожны (ая) беларус/ка, тады толькі Беларусь стане свабоднай і незалежнай, а таксама еўрапейскай і дэмакратычнай. Мала нам маскаля, трэба пазбаўляцца ўлады й «чырвонага чалавека».

***

Яны не ведаюць, што значыць боль

Яны не ведаюць, што значыць смерць

Яны не ведаюць, што значыць страх

Стаяць апрычона ўздоўж шчарбатых сцен

Маёр іх перадушыць па адным, ён ідзе

Ён грукоча моцна ботамі, але ўпадзе

Бо мы — лёд пад нагамі маёра! (Летаў, 1986)