/Другi раунд/

Яшчэ раз пра Жэнэўскую канвэнцыю

Летась аўтар гэтых радкоў апублікаваў у «Архэ» артыкул «Жэнэўская канвэнцыя для вайны культураў». Зьмест яго ў двух словах палягаў у канстатацыі, што такая вайна ў Беларусі ідзе і што някепска было б увесьці яе ў нейкія дамоўныя межы. Што ж прагучала ў адказ на гэтую прапанову- меркаваньне ад паважаных сталых аўтараў «Архэ» Валеркі Булгакава, Данілы Жукоўскага і Пётры Садоўскага — выдатных прадстаўнікоў аднаго з бакоў спаборніцтва? Што вайна мне прымроілася, што мая ўласная пазыцыя (каюся, такая ёсьць) недасканалая і пазбаўленая рацыі, што пазыцыя аўтараў водгукаў — адзіна правільная. Аднак я прапаноўваў не акадэмічную дыскусію, дакладней, ня толькі яе, а заключэньне нейкай дамовы. Калі на вайне ў адказ на такую прапанову гучыць: «Мы маем рацыю, а вы — не», на мове сытуацыі гэта азначае толькі адно — «Ніякіх дамоваў. Перамога будзе за намі».

Здаецца, жарсьці цеперашніх слоўных баталіяў вакол новай праграмы «Нямецкай хвалі» павінны былі пераканаць кожнага, што вайна культураў — зусім ня прывід, спароджаны хваравітай фантазыяй аўтара гэтых радкоў. Пра гэта сьведыць самы характар палемікі — гэта не абмен думкамі самотных інтэлектуалаў, дзе што ні галава, то асобнае меркаваньне, а «сьценка на сьценку» з выразным падзелам на «нас» і «іх». Але што ўражвае ў гэтым раўндзе барацьбы, дык гэта шчырае зьдзіўленьне праціўнікаў радыёпраэкта, чаму ім раптам падклалі такую «падлянку». Зусім не перабольшваю важнасьць сваёй сьціплай пэрсоны, але выпадак з водгукамі на мой опус ў АРХЭ мне ўсё ж падаецца паказальным — справа не ўва мне, справа ў тым, што адказы былі стандартнымі. Але калі нехта выбірае вайну бяз правілаў, ці варта яму потым скардзіцца на яе нечаканасьці?

У лісьце на «Наше мнение» рэдактар «Нашай нівы» Андрэй Дынько піша: «Па-мойму, справа прынцыпу — якраз рабіць беларускамоўным усё, што можна рабіць беларускамоўным. Расейскамоўнае само зьявіцца». Ня будзем нават фіксавацца на міжвольнай аналёгіі: кветкі трэба вырошчваць і паліваць, пустазельле — гадасьць гэткая — само праб\\`ецца. Але засяродзімся на сутнасьці — а з кім і калі сп-р Дынько ўзгадніў свой высакародны прынцып, каб зараз скардзіцца на яго парушэньне?

Яшчэ адна цытата з ліста рэдактара НН, насамрэч надзвычай важная: «Еднасьць незалежнага грамадзтва — яго галоўная заваёва ў апошнія гады. Каму было ня ясна, што частку гэтага незалежнага грамадзтва такі выбар „Нямецкай хвалі“ ўзрушыць, той або правакатар, або неасьвечаны чалавек.»

Чаму ж толькі ці так ці гэдак? Як раз асьвечаны чалавек мог бы прыгадаць, што калі пару гадоў таму стваралася, скажам, расейскамоўная Інтэрнэт-газэта «Беларускія навіны», базаваная на адзіным у краіне незалежным інфармагенцтве, якой ад пачатку было наканавана заняць істотнае мейсца ў інфармацыйнай прасторы краіны, не было ніякіх відавочных праяваў узрушэньня. Калі стваралася, дарэчы, «Наше мнение», таксама не чуваць было ніякіх размоваў пра «выцісканьне беларускай мовы зь інфармацыйнай прасторы».

Нарэшце, ня толькі параўнальнага з цяперашнім, але і наагул ніякага абурэньня не выказвалася наконт стварэньня некалькі месяцаў таму праграмы «Белорусский форум» на рускай службе «Голаса Амэрікі». Газэта «Наша ніва», якая прэтэндуе на глыбокае веданьне нават дэталяў прыняцьця рашэньняў на «Нямецкай хвалі», не магла не заўважыць простага факта з\\`яўленьня новай праграмы на VOA. Прычым, у гэтым апошнім выпадку сытуацыя была абсалютна аналягічная цяперашняй нямецкай — станцыя заходняя, праграма беларуская, мова расейская. Адно адрозьненьне — працягласьць вяшчаньня, але, як нам ужо патлумачылі адносна «Нямецкай хвалі», справа не ў аб\\`еме вяшчаньня, а ў прынцыпе. А прынцып той жа самы. А пратэстаў не было ані гуку.

I нармальна, што не было, па меншай меры менавіта як нармальную ўспрымалі такую рэакцыю тыя, да каго цяпер сп-р Дынько зьвяртаецца са сваімі інвэктывамі. Як зазначыў Аляксандар Адамянц, у межах звычайнай лёгікі «выдаленьне» чагосьці ёсьць перавод гэтага нечаго са стану наяўнасьці ў стан адсутнасьці. Калі гэтага працэсу не назіраецца, а ёсьць з\\`яўленьне новага, хай сабе і на расейскай мове, то казаць пра «выдаленьне» не выпадае.

Так што як раз для асьвечанага чалавека ўвесь папярэдні досьвед падказваў, што у выпадку з «Нямецкай хваляй» чакаць рэакцыі, падобнай цяперашняй, не было ніякіх падставаў. А з улікам гэтага — дык хто ж пачаў расколваць незалежнае грамадства?

З нумару ў нумар «Нашай нівы» вандруюць намёкі на нейкіх неназваных ляббістаў, якія, маўляў, насуперак меркаваньню незалежнага грамадства і яго выразьніка — самой «Нашай нівы» прапхнулі даверлівым немцам гэты заганны праэкт. Ну што да незалежнага грамадства, то дастаткова пачытаць меркаваньні на «Нашем мнении», у БДГ і БГ, каб пераканацца, што патаемныя ляббісты, калі яны былі, апынуліся зусім не самотнымі ў сваіх памкненьнях.

Сама па сабе хада думкі «Нашай нівы» аказваецца дзіўным чынам падобнай да меркаваньняў Аляксандра Лукашэнкі, паводле якога амэрыканскі «Акт аб дэмакратыі для Беларусі» — плён інтрыгаў беларускай апазіцыі. А бязь яе парадаў кангрэсмэны, відаць, любілі б Аляксандра Рыгоравіча, як роднага бацьку.

Я не далучны да таямніц калідораў «Нямецкай хвалі», але магу дапусьціць, што ляббіяваньне мела мейсца. Ну і што? Сп-ру Дыньку, мэнэджэру і частцы інтэлекта нацыі, як нікому павінна быць вядома, што само па сабе на гэтым сьвеце наагул мала што з\\`яўляецца.

Нядаўна Аляксандар Фядута ў перадачы Радыё «Свабода» распавёў пра ўдзел у сустрэчы з прадстаўнікамі ВВС, на якой адстойваў ідэю стварэньня росейскамоўнай праграмы ці службы брытанскага радыё для Беларусі. Гэта не ляббіяваньне? А калі Алег Трусаў у інтэрвью той жа, дарэчы, «Нямецкай хвалі» з гонарам паведамляў, што вядзе перамовы з ВВС пра адкрыцьцё праграмы на беларускай мове — хіба тут размова ішла не пра лёббінг? А, Трусаву дазволена, бо ён рэалізуе прынцып Андрэя Дынька — рабіць беларускамоўным усё, што можна, а іншым, скажам, таму ж Фядуту — нельга, бо ён гэтаму запавету здраджвае. Але заўважым, што ён яму і не прысягаў і яго зь ім нават ніхто не ўзгадняў.

Наконт таго, чаму ўсё ж рэакцыя на праэкт праграмы «Нямецкай хвалі» была такой, якой была, у мяне ёсьць нейкая гіпотэза. Часам няяўна, а часам і яўна (глядзі артыкул Віталя Цыганкова на «Нашем мнении») выказваецца меркаваньне, што расейскамоўныя інтэлектуалы жывуць з галавой, увесь час вывернутай на Усход, а вось іншыя з галавы да пятаў прасякнуліся Эўропаю, яны і ёсьць сапраўдная Эўропа ў Беларусі, і што вельмі важна — Беларусь у Эўропе. Але гэтая ідэалягічная прыгажосьць сутыкнулася з суворай рэальнасьцю. Высьветлілася, што тыя, каму нібыто накавана, як прававерным мусульманам, маліцца 6 разаў на дзень на Маскву, маюць уплыў у «нашай» Эўропе ня меншы, чым «адзіныя сапраўдныя эўрапэйцы». І нават самая Эўропа (дура) робіць не паводле «адзіна сапраўдна эўрапэйскіх» прынцыпаў і вераваньняў, а паводле … сказаць брыдка. Хіба не каравул? Ну ездзілі б у сваю Маскву, чаго на нашую тэрыторыю пнецеся? Мы ж так не дамаўляліся. Да вы ніяк не дамаўляліся, адсюль і ўсе праблемы.

Нехта ў дыскусіі на «Нашем мненіі» паўтарыў старую тэзу пачатку 90-х — спачатку дэмакратыя, пасьля мова. Гэтую старамодную трактоўку зьедліва пракамэнтаваў Віталь Цыганкоў: сёньня, маўляў, мовай займацца зарана — дыктатура, трэба змагацца, прыйдзе дэмакратыя — таксама будзе зарана, рэформы трэба будзе рабіць, потым яшчэ якая-небудзь трасца з халерай замінаць будзе. Зарана — значыць ніколі — канстатуе Цыганкоў. Ён сапраўды дакладна паказвае сафістычнасьць фармулёўкі, пад якой хаваецца зусім іншае. Спаборнічаюць не меркаваньні наконт таго, што спачатку, а што потым, а дзьве канцэпцыі, два погляды на моўную палітыку.

Адзін погляд, дарэчы, досыць памяркоўны ў параўнаньні з іншымі ў межах свайго падыходу, сфармуляваў як раз Андрэй Дынько — рабіць беларускамоўным усё, што можна. У параўнаньні са старшынём ТБМ Алегам Трусавым зь ягоным «Калі не па-беларуску, дык ня трэба наагул» сп-р Дынько — проста маскаль маскалём. Прынцып іншага падыходу можна апісаць ці ангэльскім up to you, ці францускім lаіssez faire, ці максімай незабыўнага Дземянцея «Хто как хаціт, тот так і гаварыт». Розьніца паміж гэтымі палітычнымі па сутнасьці падыходамі мае нават маральнае вымярэньне: тое, што прыхільнікі аднаго разглядаюць як нармальнае, удалае і справядлівае, для іншых — ня проста аслабленьне сваёй пазыцыі, але і зьнявага, «плявок у душу». Меркаваньне, што прынцып поўнай свабоды ў дадзеным выпадку ёсьць проста хітрым сродкам захаваньня дамінацыі аднаго з бакоў, наўрад ці дарэчнае — яно вельмі нагадвае глыбокадумныя развагі наконт таго, што глябалізацыя — зброя амэрыканскага панаваньня.

Ключавой ва ўсёй дыскусыі падаецца заўвага з таго ж ліста Андрэя Дынько: «Ці можа быць расейскамоўны тэкст асновай нацыянальнага дыскурсу, яшчэ трэба даказаць. Даказвайце. Аднак рызыкоўна гэта».

Калі расейскамоўнага нацыянальнага праэкту ня існуе і ён да таго ж і немагчымы, то аргументы прыхільнікаў праэкту «Нямецкай хвалі» і Эўракамісіі сапраўды губляюць значную частку сваёй рацыі. Сачыце за ланцужком.

Калі нацыянальны праэкт існуе толькі адзіны, той які прадстаўлены «Нашай нівай», «Архэ», ТБМ і г. д., то усе дадзеныя перапісаў і апытаньняў, усе развагі пра свабоду — ня больш чым уяўнасьці, зьявішнасьці, дробныя хваляваньні на паверхні быцьця. І шлях, які яны падказваюць — гэта шлях у нікуды, шлях да распушчэньня ў Расеі ці проста да зьнікненьня, да ператварэньня Беларусі ў нічыйную зямлю, а беларусаў — у натоўп людзей без імя. Год спатрэбіцца для таго, каб адзіна магчымы нацыянальны праэкт апанаваў беларусамі, дзесяць гадоў, сто гадоў — няважна, але пакуль беларусы ім не прасякнуцца, ня прымуць яго ў сваёй пераважнай большасьці — да тае пары і будзе працягвацца цяперашняе несапраўднае існаваньне. А эўрапэйцы сваім праэктам радыё на расейскай мове робяць вялікую шкоду, падтрымліваючы ўяўнасьць, перашкаджаючы хоцькі-нехоцькі шляху да сапраўднай Беларусі. Лягічна?

Але зусім іншая справа, калі расейскамоўны нацыянальны праэкт усё ж існуе. Тады праблема губляе львіную долю сваёй апакаліптычнасьці. Спаборнічаюць два аднолькава нацыянальных праэкта, абодва вядуць да Беларусі (хаця і да розных, так бы мовіць, Беларусяў), адзін атрымаў тактычны посьпех — ну і бяды? Зразумела, што іншаму боку крыўдна, але размову можна весьці адно аб крыўдзе, але не аб кроку ў бездань, здрадзе Беларусі і г. д.

У адказ на пытаньне, ці існуе такі альтэрнатыўны праэкт і ці магчымы ён у прынцыпе, можна параіць таму, хто пытаецца, зьняць ідэалягічныя акуляры. Хіба ня бачна, што ў цяперашняй дыскусіі прыхільнікі праэкту «Нямецкай хвалі» адстойваюць пэўныя прынцыпы? Хіба цяжка заўважыць і асэнсаваць ролю такіх з\\`яваў, як БДГ, «Хартыя-97», ЭГУ, таго ж «Нашего мнения» і вялікага шэрагу іншых? Праэкт, у магчымасьці якога сумняецца сп-р Дынько, даўно існуе па факту. І, дарэчы, шмат у якіх галінах менавіта ён з\\`яўляецца найбольш серьёзным канкурэнтам уласна расейскаму уплыву. Канкурэнтам, скажам, «Известиям» у Беларусі з\\`яўляецца менавіта БДГ, а не «Наша ніва». І, здаецца, няцяжка зразумець, што гэты іншы беларускі праэкт грунтуецца, лучыцца таксама нейкімі прынцыпамі.

Але тут, магчыма, праблема як раз у прыродзе гэтых прынцыпаў.

Прыгадваецца анекдот з «Мэмуараў» Шамфора — францускага дасьціпніка XVIII стагодьдзя. Падчас амэрыканскай вайны за незалежнасьць брытанцы бяруць у палон групу амэрыканскіх салдатаў. Брытанскі афіцэр даведваецца, што сярод палоных ёсьць француз, каралеўская Францыя тады актыўна падтрымлівала паўстаньне каляністаў супраць Лёндана — гэапалітычнага суперніка Парыжа. «Мсье — зьвяртаецца брытанец да палоннага француза — я ваюю за свайго караля, Вы — за свайго, але за каго ваююць яны?» — пытае ён са шчырым зьдзіўленьнем, паказваючы на палонных салдатаў войска Джорджа Вашынгтона.

«Ну пакажыце, прад\\`явіце свайго „караля“ — зьвяртаецца да апанэнтаў Андрэй Дынько. „У нас няма“. „Дык за каго ж вы ваюеце? Добра, а хто ў вас, напрыклад, галоўны вораг? Безь яго нацыянальнаму праэкту ніяк. У нас вось Расея. А ў Вас?“ „А у нас, прабачце, няма“. „Да што ж гэта за нацыянальны праэкт такі, што ні спытай — нічога няма, сьмяхоцьце нейкае“.

Для аматараў чапляцца да словаў, відаць, варта дадаць, што аналёгія — зусім не ў лёсе і пазыцыях бакоў у вайне за амэрыканскую незалежнасьць і ў цяперашніх беларускіх спрэчках, а адно у праблемах разуменьня, зь якімі сутыкнуліся і брытанскі ваяка тады і рэдактар беларускага штотыднёвіка цяпер.

Калі б апанэнты сп-ра Дынька былі проста шчырымі прыхільнікамі Масквы, сытуацыя для яго была б, магчыма, больш небясьпечнай, але і больш зразумелай — «Вы ваюеце за свайго „караля“. Але тое, што ягоныя апанэнты — не „маскалі“, сп-р Дынько ў працэсе інтэлектуальнай эвалюцыі ўжо для сябе вырашыў. Аднак адказ на пытаньне, „за каго ж яны ваююць“, яму пакуль не даецца.

Калі фармуляваць адказ наўпрост, то расейскамоўны нацыянальны праэкт проста канструктыўна інакш пабудаваны, ён апэруе іншым прынцыпам легітымацыі нацыі.

Здаецца, меў рацыю Янаў Палескі, які ў сваім артыкуле на «Нашем мнении» адзначаў, што пазыцыі бакоў на цяперашні момант зблізіць немагчыма, паміж імі — расколіна, калі ня бездань. І сапраўды, цяперашняя дыскусыя, пры ўсёй яе інтэлектуальнай цікавасьці, выглядае, як сваесаблівы пінг-понг — мячык скача з адной паловы стала на іншую, ані на каліва не мяняючы форму, ніхто нікога ні ў чым ня можа пераканаць.

Пры ўсіх папроках, зробленых мной аднаму з бакоў палемікі, можна палічыць, што іх мэта — яшчэ адна падача таго шарыка. А вось і не.

І мэта, і прапанова — тая ж жэнэўская канвэнцыя для вайны культураў. Ну такія яны, не пераробіш, наўрад ці яны калісьці прызнаюць нашую рацыю. Але, магчыма, можна зрабіць так, каб праявы гэтай рознасьці заставаліся ў пэўных, абгавораных межах. Гэтыя па дамове ўсталяваныя межы — абмежаваньне магчымасьцяў абодвух бакоў, але і страхаваньне рызыкаў, якія спараджае такіх межаў адсутнасьць.

Можна падзякаваць сайту «Наше мнение» за разьмяшчэньне сярод матэрыялаў гэтай палемікі тэкста аб моўнай сытуацыі ў Бэльгіі. Сапраўды, калі ўжо мы гаворым пра нашую эўрапэйскасьць, то някепска сёе-тое пра эўрапэйскі досьвед ведаць. З гэтай публікацыі вынікае, што бакі ў моўным спаборніцтве ў Бэльгіі карыстаюцца дакладна такімі ж стратэгіямі, як і беларусы: «рабіць усе нашым, што можна зрабіць» vrs. «хто как хаціт, тот так і гаварыт». Аўтарка артыкулу называе гэтыя стратэгіі «ліберальнай» і «рэгулюемай» дэмакратыямі, але па сутнасьці — тое самае.

А другая выснова артыкулу — як бэльгійцы выбудоўваюць бухгальтарскі — празаічныя формулы, калькуляцыі згоды: гэта вам, тое нам, тое рабіць можна, а вось гэтае нельга і г. д. Сказаць, што гэта забясьпечвае Бэльгіі поўную гармонію і зьліцьцё, не выпадае. Але нейкія межы канфлікты ўсё ж не перасякаюць, краіна састаецца адзінай.

Зразумела, бэльгійскія формулы згоды Беларусі наўпрост наўрад ці падыходзяць. Але размова ідзе пра запазычаньне стылю вырашэньня праблемаў, а не самага вырашэньня: занятак матэматыкай — гэта не падгляданьне адказаў у канцы задачніка. Інтэлектульнай працы наагул гэта таксама тычыцца.